ШКОЛА ЖЫЦЬЦЯ

Школа жыцьця

Зь лісьця, травы, трысьця,

Зь люстраў, з карцін на сьцяне

Страшныя вочы жыцьця

Ўпарта глядзяць на мяне.

Я ім сказала: не!

Я іх паслала на…

Страшна глядзяць на мяне,

Цьвёрдыя, быццам сьцяна.

Я чакаю крыху

Дый цалую іх у…

Гэта быў добры ўрок.

Так я спазнала Зрок.

Ад зроку да змроку

Адзін крок.

Калі мы робім яміны

Калі мы робім яміны,

Падвалы для хацін,

Калі мы сьвідравінамі

Удольле рашацім,

Калі саджаем дрэвы мы,

Калі аром палі,

Глядзяць на нас памерлыя

Празь дзірачкі ў зямлі.

Збан у агні

Я збан у агні.

І гэта назаўсёды.

Мне назаўсёды ўбілі

ў кроў і ў косьць

Багацьце духу,

Хараство прыроды,

Сусьвету прыгажосьць.

Няма маёй віны,

Што мне яны

Патрапілі ў пячонкі

І там сядзяць,

І іх ня выбіць вонкі.

Магчыма, ўчора я б яшчэ магла,

Ды ўчора я праспала,

Сёньня ж — позна.

З паленаў выпараецца смала,

З паперак — проза,

Ўва мне ж паволі камянее верш

Пра радасьць жыць

І хараство прыроды.

Мяне ня зьменіш больш

— хіба паб’еш.

І гэта назаўсёды.

Х-танічны верш

Нянька заснула ля грубкі.

Мы — тыя, хто прыходзіць уначы.

У дзетак рэжуцца зубкі.

Ім трэба дапамагчы.

У дзетак рэжуцца рогі,

Капыты і іншая дрэнь,

І празь дзьверы ў траву ля дарогі

Прарастае даўжэзны карэнь

-чык!

Бабулі коўдрамі накрылі

Сваіх Сержукоў і Каць.

А ў дзетак рэжуцца крылы.

Мы іх навучым лятаць.

А маткі шэпчуць замовы,

Каб нас адагнаць далей,

У змрок ільдзяны зімовы,

Ад сваіх нязнаных дзяцей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0