І не згадаеш, дзе атрымаеш. Што праўда, то праўда. Здаецца, з вэтэранамі заўжды ладзіў. Прывык ужо да іхніх ацэнак гісторыі, стараюся абыходзіць у размове небясьпечныя тэмы. Пра палітыку, Леніна ды Сталіна найперш. А тут папаўся, дый на чым, здавалася б? На песьні. Ды яшчэ на чужой. Быліцу з правінцыйнага жыцьця запісаў Б.Сьпявак.

Але раскажу па парадку.

На «гастролях» у Себежы наш хор «Вэтэран» абмяняўся з расейцамі ўпадабанымі нумарамі. Мы ім аддалі шчымлівую песьню «Вдовы», суседзі нам — «Приходите к вечному огню». Дарэчы, сьпявалі яны, трымаючы сьцяжкі ў руках. У адным з куплетаў пералічваліся гарады-героі, і бадзёрыя бабулькі ў такт падымалі адпаведныя сьцяжкі. Было крыху наіўна, але па шчырасьці. Мусіць, дзеля дадатковага эфэкту вэтэранкі працягвалі сьпіс гарадоў, дэклямуючы іх назвы ўжо бязь сьпеваў і махаючы сьцяжкамі. Неяк выйшла ні тое ні сёе.

Прайшло больш як два месяцы. Прыходжу аднойчы на рэпэтыцыю свайго хору, прапусьціўшы з уважлівай прычыны папярэднюю. Развучвалі ўжо якраз тую, падораную, песьню. Сьпяваю разам з усімі. І вось трэці куплет. Прагучалі чатыры радкі. А далей, на паўторы… мяркуйце самі:

Победив в сражениях жестоких,

Пусть придут сюда и станут в ряд

Сталинград, Одесса, Севастополь,

Лиепая, Брест и Ленинград,

Киев, Керчь, Новороссийск и Мурманск,

Орша и Витебск, Минск, Смоленск и Москва!

Тут я адразу падняў руку. «Не, — кажу, — так ня пойдзе. Па-першае, навошта тут Ліепая? Націск у назьве гэтага гораду ставіцца на літару «е», і наагул, гэта ня два склады, а своеасаблівы дыфтонг «іе». І чаму Ворша, а ня Тула? І Масква зь Ленінградам ніяк не рыфмуюцца. А тут жа гатовая рыфма напрошваецца: Ленінград — Сталінград. Карацей, калі нельга без паўтору, давайце я мігам перараблю гэты куплет».

Усе пагадзіліся. Не скажу — мяне ў клюбе паважаюць, дый аўтарытэт мясцовага паэта нечага варты. Сьпяваем далей, а я між тым выпраўляю куплет, нават варыянты задумаў. Праўда, пад Севастопаль нічога лепшага не падабраў у рыфму, як Эўропа. Скончыліся сьпевы, і я прапанаваў паслухаць ды выбраць найлепшае. Напрыклад:

Кіеў, Менск, Адэса, Севастопаль,

Керч, Новарасійск і Ленінград,

Брэст, Масква, свабодная Эўропа,

Тула і жалезны Сталінград.

Гэта прыкідка, думаю, а там падшліфуем. Скажам, Сталінград можа быць гордым (напачатку хацеў гордаю Эўропу зрабіць), Маскву можна прыладзіць да «лепшага» месца — карацей, справа тэхнікі.

Аж, браточкі, ня тут тое было. Як ускочыць раптам адна бабуля (раней, здаецца, бухгальтаркай працавала ў выканкаме, праўда, муж быў з начальнікаў)! Як закрычыць, аж усе спужаліся: «Вецераны вам етава не прасьцят! Фашысты! Дайце ім спакойна ўмірэць!» І такі вэрхал адразу ўсчаўся! Пакуль я ліхаманкава думаў, што яе так абурыла, — можа, рыфма няўдалая ці склад лішні ўставіў, — астатнія, больш напалітызаваныя, зразумелі, у чым справа. Бабулю абурыла… Эўропа!

Узмаліўшыся да Музы, я імгненна ацаніў, дзе крамола, і прапанаваў новы варыянт: хай Эўропа будзе «спасённая»! Усе аж запляскалі ў ладкі — да таго лёгенька, падалося, мы выйшлі з крызіснага становішча. Аж дзе там! Бабуля ўжо нешта крычала зь перакрыўленым тварам і сутаргава піхала рукі ды ніяк не трапляла ў рукавы паліто, якое яна зьдзерла зь вешалкі. Дарэмна адзін з вэтэранаў тлумачыў ёй, тыцкаючы пальцам у свае мэдалі: «Глядзі, спасаў я, спасаў і Прагу, і Бэрлін!» Дарма інтэлігентная пэнсіянэрка спрабавала давесьці думку, што «спасённая» Эўропа» — гэта гонар Савецкай Арміі, што ў Трэптаў-парку стаіць воін-беларус з уратаванай дзяўчынкай на руках. Ляснулі дзьверы, і разьятраная бабуля ўжо не пачула маёй зьедлівай фразы: «Дайце ёй аўтамат!»

А на душы было брыдка і страшнавата. Божачка! Да старасьці насіць столькі злосьці ў душы! Неасэнсаванай, тупой злосьці! А ўжо ж бы час і схіліць голаў перад няўмольным поклічам Вечнасьці…

Празь некалькі дзён сам сабой прыйшоў у галаву зусім, як мне падаецца, кампрамісны і ідэалягічна вывераны (сам працаваў некалі ў прапагандзе) варыянт:

Победив в сражениях жестоких,

Пусть сюда придут и станут в ряд

Киев, Керчь, Одесса, Севастополь,

Минск, Новороссийск и Ленинград.

Не забудь, спасённая Европа,

Тулу, Брест, Москву и Сталинград!

Спадзяюся, усё ўладзіцца. Калі што якое, замяню Тулу на Воршу ці Кіеў на Мурманск. Гэта справа тэхнікі. А там, дзе пра Эўропу, можна і кулачком пагразіць. Толькі б бабулька на рэпэтыцыю прыйшла.

P.S. Працяг гісторыі стаўся нашмат складанейшы, чым думалася. Бабулька ня толькі не прыняла новага варыянту, але і пайшла скардзіцца ў «апарат». Рэзананс пайшоў на ўсю Дрысу. Імкнучыся ўлагодзіць «верную бальшавічку», фракцыя прымірэнцаў выказала паэтычныя здольнасьці. Склаўшы яшчэ адзін варыянт двух злашчасных радкоў. Гэтым разам у іх атрымалася:

Тула, Ворша, Брэст, Ліепая і Мурманск,

Віцебск, Менск, Смаленск, Масква і Бранск.

Раскрытыкаваны найперш спэцыялістамі-харавікамі дзеля паўтору «ск», варыянт быў адрынуты («У вас і так сківіцы выпадаюць, а тады наагул плявацца пачняце ў залю!»).

Урэшце бабуля заявіла пра згоду на кампраміс, але сказала, што пры выкананьні песьні крамольнага куплету сьпяваць ня будзе. Пасьля гарачых слоў і сьлёзнай сцэны з боку кіраўніцы (з эфэктным пакіданьнем на нейкі час клюбу) было прынята цяжкае рашэньне: песьні «Приходите к вечному огню» не выконваць.

Да гонару «апарату», на бок «звышбдзіцельнай» вэтэранкі працы ніхто ня стаў. У тым ліку і з ідэалягічнага аддзелу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0