Палуба Дому літаратара не зьмясьціла ўсіх ахвотных. Здаецца, трэба было пакрыўдзіцца. Напэўна, можна было б адшукаць вінаватых. Але што зробіш, калі Вялікая заля Дому літаратара выявілася замалой для ўсіх, хто жадаў трапіць на вечарыну «Нашай Нівы» і «Arche». Урачыстасьці 100-годзьдзя першай беларускай газэты стартавалі з аншлягам.

«Сябры, праходзьце на сцэну», — запрашаў Андрэй Дынько моладзь, што ціснулася ў праходах. Урэшце, і сцэна, і прастора перад ёй, і прыступкі, і, натуральна, рады крэслаў былі занятыя, а на вуліцы яшчэ стаяў ладны натоўп, прыціснуўшы насы да шкла зачыненых дзьвярэй. Ніякія ўгаворы не зьмякчылі сэрцы аховы: усе шлюзы былі надзейна задраеныя шчэ за 10 хвілінаў да пачатку вечарыны. Моладзь лезла цераз краты, пакуль дырэктарка будынку не пагразіла міліцыяй. Адзіны плюс сытуацыі — заля праглынула ўсе 600 лятарэйных білецікаў і 300 мандарынаў, падрыхтаваных арганізатарамі акцыі.

Вядучым імпрэзы быў Сяргей Харэўскі, нашанівец ад самага другога нараджэньня газэты ў 1991 г. Месцы ў «прэзыдыюме» занялі ня толькі аўтары выданьняў, але і дзеці, якім не было месца ў залі. Тым весялей: яны махалі бел-чырвона-белымі сьцяжкамі. Валер Булгакаў, галоўны рэдактар «Arche», прамаўляў да публікі. Іншы аўтар часопісу, Павал Абрамовіч, правёў паралелі з антычнасьцю ў сваім эсэ. Уладзімер Арлоў ды Лёлік Ушкін былі завалены пытаньнямі. Адам Глёбус увогуле вырашыў адказаць на ўсе запыты праз Інтэрнэт, каб не займаць зашмат часу. Зрэшты, запіскі былі пераважна з просьбамі пазнаёміцца. Глёбус прысьвяціў свой выступ вершам. «Я хвалююся. Іранічныя вершы заўсёды больш складана чытаць, чым пафасныя», — прызнаўся Глёбус. Калі Глёбус чытаў верш пра тых, хто ў прыцемках пакінуў радзіму, і тых, хто назаўсёды застанецца тут, за кулісамі заплакаў адзін знакаміты паэт, што толькі што вярнуўся на радзіму з адной паўночнай краіны.

Андрэй Хадановіч імправізаваў лімэрыкамі ды сьпяваў пад гітарны акампанэмэнт намесьніка галоўнага рэдактара «НН» Андрэя Скурка. Зьміцер Бартосік заклікаў мужчынскую палову залі аднаўляць генафонд нацыі, а жаночую — падрыхтавацца да наступу моцнай паловы. Аўтар «НН» Зьміцер Дзядзенка выявіў талент бардаўскага сьпеву. Віталь Тарас сарваў воплескі залі. Вера Бурлак расстраляла публіку сваімі вершамі, і публіка прагна глытала кулі-радкі. Постамэрыканскі Лявон Вольскі сьпяваў постамэрыканскія песьні, а ў фінале выцягнуў білецік, што вызначыў шчасьлівую глядачку, якая атрымала прыз лятарэі — зборны керамічны партрэт Ідэальнага чытача.

«Жыве Беларусь» разьлягалася так гучна, што ў фае пад яго захоплена пляскалі нават наведнікі банкету ў рэстарацыі, дзе былі заўважаны намесьнікі міністра эканомікі і замежных справаў.

Але што да выступаў, дык энэргетычнай кульмінацыяй вечара стаўся сьпеў Міхала Анемпадыстава. Без музычнага суправаджэньня, але з шаманскай мэлёдыкай, без падтанцоўкі, але з сотнямі ўдзячных слухачоў. Аповед пра падарожжа зь сябрамі на эстонскую выспу Ультыма Тхульле. Маленькі эпізод з чужога жыцьця, які выявіўся нечакана блізкім нам усім.

Ёсьць спакуса параўнаць залю Дома літаратара з каўчэгам, у які мы забіліся, каб перачакаць агульнанацыянальны палітычна-культурны патоп. Не паддамося ёй. Гэта было ўсяго толькі прыемнае падарожжа на надзейным лайнэры на выспу пад назвай Беларусь,

на якой стаіць дуб, што стаяў там спрадвеку,

такі магутны, што трымае ён неба,

каб яно ня ўпала на выспу

пад назвай Беларусь.

Алесь Кудрыцкі

Ад Рэдактара

Прабачце ўсе, хто не прабіўся ў залю. Былі бітком забітыя праходы і сцэна. Можна зразумець адміністрацыю, што баялася за бясьпеку. Мы не чакалі такога наплыву людзей, мы меркавалі, што зьбярэцца колькасьць людзей, супастаўная зь прэзэнтацыямі 1996 і 2001 гадоў. Вядома, варта ладзіць такія сустрэчы ў большай залі. На наступны раз паспрабуем штосьці прыдумаць.

Міхал Анемпадыстаў

Ультыма Тхульле

Тэкст паўстаў пад уражаньнем вандроўкі на эстонскую выспу Кыхну, абвешчаную UNESCO помнікам нематэрыяльнай культуры. Эстонцы ўважаюць, што мэсаліёцкі вандроўнік IV ст. Піфэй адкрыў менавіта гэтую выспу і называў Ультыма Тхульле. Грэкі лічылі яе паўночным краем зямлі.

Я палю сваю файку,

Вецер дзьме мне ў сьпіну.

У паўночным кірунку

Нясе мой карабель.

Мой карабель —

Ветразяў бель.

Бей, вецер, бей

У яе, як у бубны.

Дзьмуй, вецер, дзьмуй,

Дзьмуй, не шкадуй,

Нясі карабель мой

На Ультыма Тхульле.

Ультыма Тхульле —

Чароўная выспа.

Там выспацца можна

Пасьля вандраваньняў.

І кожны вандроўнік

Знойдзе прытулак

Там, на высьпе далёкай,

Высьпе Ультыма Тхульле.

А на той высьпе далёкай

Ёсьць корчмы і бары.

Там клёцкі за дзякуй,

Там піва задарма.

І прыгажуні

Прагнуць каханьня

Там, на высьпе далёкай,

Высьпе Ультыма Тхульле.

А яшчэ там ёсьць дуб

Стары і магутны.

І такі ён стары,

Што стаяў там спрадвеку.

І такі ён магутны,

Што трымае ён неба,

Каб яно ня ўпала

На выспу Ультыма Тхульле.

Я палю сваю файку,

Вецер дзьме мне ў сьпіну.

У паўночным кірунку.

Нясе мой карабель.

Пытаньні і адказы зь вечарыны

Жарты і экспромты кепска перадаюцца на паперы, таму перадаваць атмасфэру вечарыны не бяромся. Падаем некаторыя пытаньні й адказы, найперш тыя, на якія не пасьпелі адказаць з сцэны.

Андрэй Дынько

— Ці не плянуеце Вы зьмяніць грамадзка-палітычны характар газэты на грамадзка-забаўляльны? Менш палітыкі і больш цікавостак?

— Наша палітыка бывае вельмі забаўнай. Штогод забаўнейшая. Без палітыкі ніяк. Нас хочуць загнаць у літаратурна-культурнае гета. Гэтаму нельга паддавацца.

— Чаму ў залі няма спадара Дубаўца?

— Спадар Дубавец заняты падрыхтоўкай некалькіх вельмі важных кніг, якія выйдуць неўзабаве.

— Чаму ў «Нашай Ніве» зьніклі артыкулы, друкаваныя лацінкай?

— Калі аўтары пішуць лацінкай, мы друкуем лацінкай. А што мала пішуць так — знак часу.

— Куды зьбеглі Граждан і Сабака?

— Пытаньне можна ставіць на адным узроўні з ключавымі пытаньнямі нашага часу: дзе Ганчар? Дзе Пазьняк? Насамрэч Граждан і Сабака — гэта таксама ахвяры лукашызму.

— Калі Рэдакцыя пераедзе ў Вільню?

— Такое пытаньне пакуль не стаіць.

— Чаму ў газэце няма «Правага вока»?

— Пакуль не знайшлося адпаведнага аўтара.

Сяргей Харэўскі

— Ці існуе музэй «Нашай Нівы», і калі не — ці няма намеру яго стварыць?

— Пакласьці там Глёбуса… (Сьмех у залі.) Асабістыя рэчы Арлова… мае акуляры. Ведаеце, вы рана хаваеце нас. Я думаю, такая задача паўстане перад іншым пакаленьнем. Чаго-чаго, а экспанатаў мы наствараем.

Андрэй Хадановіч

— Калі выйдзе кніга Вашых шматлікіх перакладаў?

— Кніга выбраных перакладаў пад назвай «Разам з пылам. Калекцыя перакладаў» мае зьявіцца ў наступным годзе. Дарэчы, у густоўным мастацкім афармленьні Алеся Пушкіна.

— Падкажыце, дзе яшчэ можна набыць Вашы «Лісты з-пад коўдры»?

— «Лістоў з-пад коўдры» набыць пакуль нельга нідзе, бо ўвесь наклад раскуплены. Часткова гэтыя тэксты можна знайсьці ў Інтэрнэце, а часткова — у новай кніжцы «From Belarus with Love», якая выдадзена ва Ўкраіне.

— Дазвольце запытацца, чаму Вы вось ужо два тыдні не зьяўляецеся да нас на заняткі?

— Выбачаюся ва ўсіх сваіх студэнтаў і студэнтак: сачкаваў заняткі, таму што прадстаўляў Бацькаўшчыну падчас дзён беларускай культуры ў Кракаве. Лекцыі і інтэлектуальныя дыскусіі ў Ягелёнскім унівэрсытэце, а таксама выступ у артыстычнай кракаўскай кавярні пайшлі на карысьць як мне, так і польскім аматарам беларускай культуры. Мае калегі па кракаўскіх днях культуры Андрэй Скурко, Валер Булгакаў і Зьміцер Бартосік не дадуць схлусіць!

— Колькі Разэнкранцаў можа зьмясьціцца ў адным Хадановічу?

— Прыблізна столькі ж, колькі і Гільдэнстэрнаў. А калі сур’ёзна, то мяне радуе вашае знаёмства з кнігай пераможцаў конкурсу Пэтраркі «Формула каханьня», алюзіяй на якую і ёсьць гэтае пытаньне.

— Помніцца, у «НН» быў нэкралёг-аповед пра мысьляра Кіма Хадзеева. Чым ён быў для беларускага інтэлектуальнага дыскурсу?

— Я вам не скажу за ўвесь інтэлектуальны дыскурс, а для мяне Кім Хадзееў быў адным зь першых настаўнікаў, цудоўным рэдактарам, які навучыў працаваць над паэтычнымі тэкстамі, і проста чалавекам, які здорава пашырыў мой інтэлектуальны далягляд. Ведаю шмат творцаў, якія падпісаліся б пад гэтымі словамі.

— Ці можаце на заказ напісаць лімэрык пра беларускі мэгаполіс Залеські?

— У Залеськах, буйным мэгаполісе,

Жыхары пазнаюцца па голасе.

Пасылаюць па мацяры —

Дык чуваць на экватары,

А па бацьку — чуваць аж на полюсе.

Уладзімер Арлоў

— Ці ўваходзіць у Вашы пляны стварэньне вялікага гістарычнага твору, ці Вы сканцэнтраваліся на эсэістыцы?

— Завершана праца над тэкстам кнігі пра Вялікае Княства Літоўскае, якая будзе своеасаблівым працягам «Краіны Беларусі». Што да мастацкіх плянаў, то ў рабоце аповесьць, прысьвечаная Міхалу Валовічу, апошняму няскоранаму паўстанцу 1831 году.

— Што ў Вас за пярсьцёнак на руцэ? (Дзевачка Людачка з 4-га раду.)

— Гэта пярсьцёнак, які прыварожвае Людачак і іншых дзевачак.

— Пытаньне да ўсіх: дзе вы былі ў час Чарнобыльскага шляху?

— За ўсіх адказваць не бяруся, але некаторыя з нас (як і было задумана паводле сцэнару) свае пэтыцыі з подпісамі і адрасамі імкнуліся перадаць у рэзыдэнцыю. Праўда, іх забралі людзі ў цывільным, паабяцаўшы, што яны перададуць самі. Нас, як бачыце, пакуль не забралі.

— Дзе ў Менску знаходзіцца ўніяцкая царква? Калі ўніяты сьвяткуюць свае сьвяты?

— Беларускія грэка-католікі, у адрозьненьне ад некаторых іншых уніяцкіх цэркваў, трымаюцца, як і большасьць хрысьціян сьвету, грыгарыянскага календара. У Менску некалькі прыходаў. Я наведваю набажэнствы, якія адбываюцца ў капліцы касьцёлу Сьвятых Сымона і Алены.

— Пра якую краіну Ваш твор «Задніца Эўропы»?

— Трэба пачытаць аднайменнае эсэ, бо адказ не такі адназначны. Эсэ пра некалькі краін, а задніцай Эўропы адзін зь яго герояў называе дзяржаву, якая імкнецца з намі інтэгравацца. Дарэчы, гэтае эсэ натхніла вядомага скульптара Алеся Шатэрніка. Ён падарыў мне «задніцу Эўропы», высечаную зь белага мармуру, вельмі, дарэчы, спакусьлівую. Я думаю, што такія задніцы павінны заставацца ў нашай краіне.

— Ці сустракаліся Вы з прэзыдэнтам?

— Ведаеце, я сустракаўся з прэзыдэнтам Чэскай Рэспублікі Вацлавам Гаўлам. Сустрэча была даволі кароткая, але мяне вельмі ўразіла. Цяпер мару пра час, калі такі прэзыдэнт будзе ў Беларусі.

Зьміцер Бартосік

— Можа, Вы растлумачыце, чаму самыя шчырыя патрыёты Беларусі па паходжаньні не беларусы?

— Адказ ляжыць на паверхні. Ёсьць у нас органы пачуцьцяў — слых, зрок… А паколькі мы яшчэ і людзі, у нас павінен быць орган, які адказвае за нацыянальнае пачуцьцё. У беларусаў ён атрафіраваўся, яго няма. А ў жыдоў, маскалёў ён ёсьць, таму яны і нацыяналісты. І гэты орган, на жаль, не аднаўляецца. Людзям проста не

баліць.

Вера Бурлак

— Калі мы нарэшце ўбачым ваш музычны альбом? А пачуем?

— Цяжкае пытаньне. Пакуль гэта толькі ідэя.

Лёлік Ушкін

— Ці прадугледжана прадстаўленьне газэтнага варыянту «Навінак»?

— Не. Гэтым летам «Навінкі» будуць здымаць фільм «Толькі мерцьвякі нічога не баяцца».

Вольф Рубінчык

— Ці даяце прыватныя ўрокі гульні ў шахматы?

— Пакуль што толькі жонцы (і яна ўжо ведае, як хадзіць канём!). Але давайце паспрабуем і з Вамі… Тэксты з «Каісы» — адносна сьвежыя — можна чытаць на bychess.narod.ru/nn/. Тутака справа і банэр «Шахмат у Беларусі» вісіць, зь пешачкай. Электронны адрас: [email protected].

Андрэй Скурко

— Якой Вам бачыцца «Наша Ніва» праз два, пяць, дзесяць гадоў?

— «НН» — гэта больш, чым газэта. Мы тут усе ў гэтай залі — «Наша Ніва». Пакаленьні аўтараў газэты могуць зьмяняцца, але ідэі беларускай Беларусі і творчага падыходу да жыцьця застаюцца. Што зьменіцца за дзесяць гадоў? Краіна Беларусь, жыцьцё яе людзей. І «НН» непазьбежна эвалюцыянуе, каб адэкватна адказваць на выклікі новага часу.

Паважаная рэдакцыя «Нашай Нівы», шаноўныя чытачы найстарэйшай беларускай газэты!

Я ня змог прыняць удзел у вечарыне, прысьвечанай 99-м угодкам «Нашай Нівы». З прычынаў службовых у той дзень я адсутнічаў у Менску. Аднак маю гонар выказаць сваё пажаданьне пісьмова: няхай свой стогадовы юбілей газэта сустрэне ў свабоднай і дэмакратычнай Беларускай Дзяржаве — і няхай у наступным сваім стагодзьдзі на стамляецца ўзгадоўваць новыя пакаленьні Купалаў, Коласаў і Багдановічаў!

Жыве «Наша Ніва»!

Жыве Беларусь!

З павагай —

каардынатар Грамадзянскай ініцыятывы «Агульнанацыянальны рух «Воля Народу»

Прафэсар Аляксандар Казулін

29 красавіка 2005 г.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0