У Эквадоры народныя дэманстрацыі прымусілі прэзыдэнта Гуцьерэса сысьці ў адстаўку і пакінуць краіну. Як гэта адбывалася і хто стаяў за гэтым? Якая роля ЗША ў гэтых падзеях? Чаму невялікія дзяржавы робяцца ўсё больш незалежнымі ў сучасным сьвеце? Эквадорскія падзеі аналізуе левы амэрыканскі сацыёляг Імануіл Валерстайн.

Даўней у кітайцаў існавала катаваньне «лін чы» — сьмерць ад тысячы парэзаў. Усе тыя парэзы былі маленькія, але ўрэшце чалавек паміраў. Гэта акурат тое, што адбываецца цяпер з панаваньнем ЗША ў Лацінскай Амэрыцы. Апошнім маленькім парэзам (а гэта сапраўды маленькі парэз) сталі эквадорскія падзеі. Эквадор — гэта невялікі край, што праўда, з пэўнымі важнымі асаблівасьцямі: ён здабывае нафту. У ім ёсьць вельмі шматлікае карэннае насельніцтва, гістарычна адлучанае ад улады, і, вядома ж, эксплюатаванае эканамічна і сацыяльна. Ён мяжуе з Калюмбіяй, дзе ўжо на працягу вельмі доўгага часу ідзе ды не спыняецца грамадзянская вайна і дзе Злучаныя Штаты моцна заблыталіся ў сваёй падтрымцы надта кансэрватыўнага ўраду. Гэта таксама краіна, у якой цягам апошніх дзесяці гадоў тры прэзыдэнты былі скінуты з пасады ў выніку народных паўстаньняў — кожны раз гэта адбывалася, прынамсі, пры маўклівай падтрымцы ўзброеных сілаў.

У 1997 г. Aбдала Букарам, выбраны дзякуючы сваёй плятформе барацьбы з алігархіяй, замест гэтага пачаў ажыцьцяўленьне суворай эканамічнай праграмы (у адпаведнасьці з рэкамэндацыямі былога міністра фінансаў Аргентыны Дамінга Кавальё), за якую выступаў МВФ (і якую да таго ажыцьцявіў у Аргентыне сам Кавальё). Пасьля двухдзённай забастоўкі прафсаюзаў, студэнтаў, жаночых арганізацый, праваабарончых арганізацый і «CONAIE» (Фэдэрацыі карэнных народаў Эквадору) эквадорскі Кангрэс зьняў Букарама з пасады з фармулёўкай за «псыхічную няўстойлівасьць». Наступныя выбары прывялі да ўлады іншага кансэрватара, Хаймэ Магуада, які працягнуў «далярызаваць» эканоміку. Тады на пачатку 2000 г. чарговае народнае паўстаньне зрынула і яго. Гэтае забурэньне ўзначаліла згуртаваньне арганізацый карэннага насельніцтва і «народных палкоўнікаў», чый лідэр Люсіё Гуцьерэс, на думку Злучаных Штатаў, быў зьвязаны з вэнэсуэльскім прэзыдэнтам Чавэсам.

Сілы рэжыму зноў справіліся з сытуацыяй. Гуцьерэс зьехаў на выгнаньне, а верх узяў віцэ-прэзыдэнт Густава Набоа. Праўда, у выніку чарговых выбараў у 2002 г. Гуцьерэс, скарыстаўшыся магутнай падтрымкай арганізацый карэннага насельніцтва, перамог Набоа. Тыя выбары лічыліся перамогай левых. Аднак, трапіўшы да ўлады, Гуцьерэс зьмяніў свае перакананьні. У 2003 г. ён наведаў Вашынгтон, дзе абвясьціў сябе «найлепшым сябрам Злучаных Штатаў» у Лацінскай Амэрыцы. Неўзабаве прадстаўнікі руху карэннага насельніцтва выйшлі са складу ўраду, а Гуцьерэс прапанаваў Злучаным Штатам новую вайсковую базу і стаў палкім прыхільнікам «пляну «Калюмбія» (ачольванага ЗША пляну падтрымкі калюмбійскага ўраду ў яго барацьбе супраць партызанаў ды, як сьцьвярджаюць ЗША, супраць наркагандляроў). Эквадор таксама актыўна перагаворваўся са Злучанымі Штатамі наконт укладаньня дамовы аб вольным гандлі. Хоць цэны на нафту спрыялі дзяржаўнаму бюджэту, ані шэлега з гэтых грошай не трапляла велізарнай большасьці насельніцтва. Апошняй кропляй, пасьля якой усё гэта палілося цераз край, стала рэфармаваньне Гуцьерэсам Найвышэйшага суду краіны, каб новы суд змог памілаваць Букарама, які не марудзіў вярнуцца ў Эквадор і праз сваю партыю надаць парлямэнцкую падтрымку Гуцьерэсу.

Тады ў красавіку ў Эквадоры выбухнула чарговае паўстаньне. Гуцьерэс абазваў дэманстрантаў forajidos — тымі, хто ўцякае. Дэманстранты тут жа з гонарам прысвоілі сабе гэтае імя і праз пару дзён ператварылі самога Гуцьерэса ў forajido. Гэтым разам паўстаньне ахапіла ня толькі звычайных яго завадатараў — рухі карэннага насельніцтва, але і пэўныя сэгмэнты сярэдняе клясы, якіх на бунт узьняла карумпаванасьць Гуцьерэса і Букарама. Войска зноў адступіла ўбок, а Гуцьерэса зьмяніў ягоны віцэ-прэзыдэнт, больш левы Альфрэда Палясіё. З тае пары мы бачым супярэчлівыя адзнакі новае палітыкі. Палясіё прызначыў умеркавана левага каталіка Рафаэля Карэа на пасаду міністра фінансаў, і адной зь першых заяў таго стала выказваньне, што, маўляў, сорак адсоткаў дзяржбюджэту пойдуць на выплату дзяржаўнага доўгу, а на ахову здароўя і адукацыю будзе выдаткавана толькі 2%. Хаця ўрад запэўніў ЗША, што ён дазволіць заставацца іх ужо існуючай вайсковай базе, але новы кабінэт ня мае намеру будаваць дадатковую ўзбуйненую базу, на што пагаджаўся Гуцьерэс.

ЗША асьцярожна прызналі новы ўрад пасьля немалой затрымкі. Кастра і Чавэс віталі перамены, але некаторыя «рэвалюцыйныя групы» наракаюць на тое, што гэтыя перамены няшмат чаго зьмяняюць. Чаго ж зараз нам варта чакаць? Мабыць, што гэтым разам мы ўбачым вялікі спад усіх праяў дзейнасьці, што патыхаюць нэалібэралізмам. Партыі карэннага насельніцтва ўжо адваявалі колькі месцаў у парлямэнце, якія былі страчаныя імі праз тое, што некаторыя дэпутаты, выбраныя па іх сьпісах, перайшлі ў партыі, якія падтрымлівалі Гуцьерэса.

Эквадорскае паўстаньне ўпісваецца ў мадэль падзей, што назіраюцца ў Лацінскай Амэрыцы вось ужо дзесяць гадоў, асабліва пасьля прыходу да ўлады Джорджа Буша. Зусім нядаўна, калі пэўны ўрад у Лацінскай Амэрыцы раздражняў ЗША, дык ЗША звычайна давалі рады яго зьмяніць — простым сілавым умяшаньнем, калі неабходна, альбо праз выкарыстаньне тамтэйшых вайскоўцаў. Такім быў лёс Гватэмалы, Дамініканскай Рэспублікі, Чылі, Бразыліі ды многіх іншых. Адзіным вартым увагі правалам у гэтых адносінах была Куба, але ЗША здолелі мабілізаваць амаль усе лацінаамэрыканскія краіны на супрацоўніцтва ў ізаляцыі/блякадзе/байкоце Кубы.

З другога боку, за апошнія пяць гадоў многія краіны Лацінскае Амэрыкі пасунуліся ўлева — праз выбары альбо праз народныя дэманстрацыі, — аднак гэтае «лева» ніколі не было «цалкам левым». Пералік немалы: Aргентына, Бразылія, Уругвай, Балівія, Чылі, Вэнэсуэла. Насамрэч у нашы дні ўраду ЗША сапраўды прыходзіцца даспадобы ў Паўднёвай Амэрыцы толькі адзін урад Калюмбіі. Надоечы адбываліся выбары Генэральнага сакратара Арганізацыі Амэрыканскіх Дзяржаў. І ўпершыню ў гісторыі гэтае арганізацыі кандыдат ЗША ня здолеў выйграць. Мэксыканскі ўрад нядаўна паспрабаваў адхіліць ад удзелу ў чарговых прэзыдэнцкіх выбарох кандыдата левае партыі. Але мусіў адступіць пад народным ціскам у самой Мэксыцы. Куба ўжо даўно не пачувае сябе ізаляванай у Лацінскай Амэрыцы. Нішто з гэтага не выклікае радасьці ў Вашынгтоне.

Вось яны — гэтыя малыя парэзы. Ніводная з гэтых дзяржаў, нават Вэнэсуэла, не зайшла занадта далёка. Аднак Бразылія зладзіла ў Сусьветнай гандлёвай арганізацыі бунт «вялікай дваццаткі», які давёў арганізацыю да фактычнага прыпыненьня сваёй дзейнасьці. Аргентына адкрыта не падпарадкавалася сусьветнай фінансавай супольнасьці і здолела істотна скараціць свае пратэрмінаваныя запазычанасьці. Усеамэрыканская асацыяцыя вольнага гандлю (Free Trade Association of the Americas, або ALCA ў гішпанскім скарачэньні) коціцца ў нікуды, дарма што застаецца першаснай эканамічнай мэтай ЗША ў Лацінскай Амэрыцы.

Левыя інтэлектуалы і некаторыя левыя рухі ў кожнай з гэтых краін пераймаюцца ўсім тым, чаго так і не зрабілі нібыта-левыя ўрады. Аднак ЗША яшчэ больш пераймаюцца тым, што яны нарабілі. Факт, што сёньня ЗША ўжо ня могуць быць пэўнымі што да свайго кантролю — у эканамічным, палітычным ці дыпляматычным пляне — над уласным падворкам — амэрыканскім кантынэнтам. Гэта і ёсьць сьмерць ад тысячы парэзаў — маленькіх, але ад таго ня менш сьмяротных.

З ангельскай пераклаў Сяргей Богдан

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0