Імя гэтай каралевы сёньня невядомае ў Беларусі. Між тым жанчына, якая ўвайшла ў эўрапейскую гісторыю як «Sophie av Minsk og Polotzk», была жонкай аднаго з наймагутнейшых каралёў дацкай гісторыі і заснавальніцай «па кудзелі» дацкай каралеўскай дынастыі.

Яе дзеці сядзелі на дацкім, швэдзкім і францускім тронах. Беларуская гісторыя разгарнула яшчэ адну сваю дзівосную старонку.

Сэнсацыйнае адкрыцьцё зрабіў гісторык Андрэй Катлярчук.

Дачка князя менскага, а пазьней і полацкага Валадара Глебавіча (памёр у 1161) Сафія нарадзілася каля 1141 году, напэўна, у Менску.

У сярэдзіне XII ст. полацкая зямля знаходзілася на вяршыні сваёй магутнасьці. Полацкая дзяржава валодала ня толькі замкамі Кукенойс і Герцыке ў ніжнім цячэньні Заходняй Дзьвіны (сёньня тэрыторыя Латвіі), але й кантралявала Рыскую затоку і разам зь ёй усходняю Балтыку.

Менскі князь Валадар пад той час быў таксама князем Полацкім. Ён быў з дынастыі Рагвалодавічаў, чый радавод Алег Латышонак выводзіць ад Германарыха. Жонкаю Валадара была польская князёўна Рыкіса.

Ня выключана, што Валадар пазнаёміўся зь ёю, хаваючыся ў Польшчы. Там ён ратаваўся ад кіеўскага палону і высылкі ў Бізантыю. Рагвалодавічы вялі актыўную замежную палітыку, таму не павінен выклікаць зьдзіўленьня ўзяты ў 1157 годзе шлюб дачкі князя з дацкім каралём Вальдэмарам І, адным з наймагутнейшых каралёў дацкай гісторыі (1131—1182, на пасадзе — з 1157 году) з дынастыі Эстрыдсэнаў.

Запісы пра гэты шлюб зьмяшчаюць летапісы ХІІ стагодзьдзя «Славянская хроніка» Арнольда зь Любэку і «Граматыка Саксаў», а ўскосныя згадкі пра Соф’ю — іншыя заходнеэўрапейскія крыніцы. Іх знайшоў гісторык з Стакгольмскага ўнівэрсытэту Андрэй Катлярчук. Раней гэтыя надзейныя крыніцы папросту не траплялі пад увагу беларускіх гісторыкаў. Пра Соф’ю Валадароўну няма нават згадкі ў шасьцітамовай «Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі»!

Сямейнае жыцьцё Вальдэмара й Соф’і было шчасьлівым. Соф’я нарадзіла двух сыноў і шэсьць дачок. Дзьве зь іх, згодна з полацкай традыцыяй, абралі кляштар. Астатнія ўзялі шлюб з тагачаснымі ўладарамі Эўропы.

Сама Соф’я не абмяжоўвалася хатнім жыцьцём ды брала актыўны ўдзел ў палітыцы. У горадзе Калундбарг Соф’я пабудавала катэдру, якая лічыцца адзінай сярэднявечнай царквой Скандынавіі, пабудаванай у бізантыйскім стылі. З тых, што захаваліся — напрыклад, полацкі храм у Вісьбю на Готляндзе ляжыць у руінах. Прычым калі параўнаць від калундбарскай катэдры 1801 году з рэканструкцыямі першапачатковай полацкай Сафіі, відавочна, царква ў Калундбаргу — насьледаваньне полацкаму сабору.

Сафія перажыла свайго мужа і памерла 5 траўня 1198 году, на

58-м годзе жыцьця. Яна ляжыць побач з Вальдэмарам у каралеўскай пахавальні места Рынгстэд. Захаваліся два яе пазьнейшыя партрэты 1580 і 1757 гадоў.

Цікавы лёс чакаў іхных дзяцей і, адпаведна, унукаў Валадара Глебавіча. Інгеборга пабралася з каралём Францыі Філіпам II Аўгустам, Рычыза — з каралём Швэцыі Эрыкам Кнудсанам, Соф’я-малодшая выйшла за князя Арлямундзкага Сыгфрыда, нарэшце, Гелена стала жонкай князя Люнэбурскага Вільгельма. Сыны Кнуд IV (1163—1202) і Вальдэмар II (1170—1241) па чарзе ўспадкавалі бацькаў прастол.

Муж Інгеборгі, Філіп ІІ Аўгуст, кіраваў адным з крыжовых паходаў і зацьвердзіў статут Сарбоны. Як муж ён ня быў надта верны. Калі пабачыў магчымасьць павялічыць свае зямельныя ўладаньні, ён кінуў Інгеборгу, і за гэтае скасаваньне шлюбу ў 1200 годзе папа Інакенці ІІІ адлучыў яго ад царквы і наклаў на яго Францыю інтэрдыкт. Тым ня менш, кароль выпусьціў Інгеборгу з замку і стаў жыць зь ёй як з каралевай толькі пасьля сьмерці яе суперніцы Агнэсы. Такімі былі тагачасныя норавы.

Што датычыць Вальдэмара ІІ, дык ён прадоўжыў дацкую экспансію на ўсход, заснаваў у 1219 г. на месцы захопленага замку Лінданіса Талін (што значыць «дацкі замак»).

Вынікае пытаньне, чаму імя каралеўны-беларускі малавядомае сучасьнікам? Гісторыя полацкай дзяржавы пішацца на падставе лівонскіх хронік ды наўгародзкіх і ўладзімерскіх летапісаў, якія ствараліся тагачаснымі ворагамі Полаччыны. Выходзіць тое самае, што пісаць гісторыю Ізраілю па арабскіх крыніцах. Але ж да канца XVIII стагодзьдзя Беларусь была неад’емнай часткай эўрапейскай цывілізацыі, і процьма патрэбных крыніц ляжыць менавіта ў заходніх архівах.

Напрыклад, гарадзкі архіў швэдзкага Вісьбю перапоўнены крыніцамі на старанямецкай і лацінскай мовах, што тычаць гандлю гэтага места з Полацкам у X—XIII ст. Нацыянальны архіў Галяндыі захоўвае матэрыялы па гандлі полацкіх купцоў XVII стагодзьдзя ў гэтай краіне. Нас безумоўна чакаюць новыя захапляльныя адкрыцьці.

Прыклад Соф’і неадзінкавы. Нашы землякі ў Новы Час дабраліся і да Новага Сьвету. Як Крыштап Арцішэўскі — пратэстант зь Беларусі XVII стагодзьдзя. Гэты «пісар рускай мовы» пры двары Радзівілаў у час контрарэфармацыі ўцёк у Амстэрдам, а адтуль падаўся ў Бразылію, дзе даслужыўся да пасады адмірала галяндзкага флёту.

Чаму Соф’і не заўважалі беларускія гісторыкі, чаму існавала такая «сьляпая зона», лёгка тлумачыцца. Беларускім гісторыкам у ХІХ—ХХ стагодзьдзях прадпісвалася адшукваць праявы ўсходнеславянскага адзінства і прагі беларусаў «узьяднацца» з Расеяй. Хоць беларускія землі натуральна належалі да балтыйскае цывілізацыі, і там палягалі інтарэсы і сувязі полацкіх і старалітоўскіх князёў, гэтая галіна не рэкамэндавалася для дасьледаваньня. У выніку гісторыя Беларусі выходзіла далёкая ад гістарычнай праўды і, мякка кажучы, нецікавая, але ідэолягаў толькі цешыла.

Пра пераадкрытую Соф’ю Менскую і Дацкую, напэўна, будуць напісаныя кнігі і зьнятыя фільмы. Галерэя гістарычных пэрсанажаў Беларусі папоўнілася.

Што адбывалася ў 1157 годзе ў Эўропе і сьвеце?

1155

нарадзіўся Чынгісхан; завершана будаўніцтва каралеўскага парталу сабору ў Шартры.

1157

8 жніўня ў Оксфардзе нарадзіўся Рычард, будучы кароль Англіі Рычард Ільвінае Сэрца.

Карона Даніі дасталася авантурнаму конунгу Вальдэмару І Вялікаму.

Брандэнбург стаў складовай часткай германскай дзяржавы.

15 жніўня на балі ў Кіеве атручаны князь Суздальскі і Кіеўскі Юры Даўгарукі.

1158

Стотысячнае войска Фрыдрыха І Барбаросы ўварвалася ў Італію.

1160

нарадзіўся Робэрт Фітцут, прэтэндэнт на тытул графа Хантынгтонскага. Мяркуецца, што гэта ён — легендарны Робін Гуд.

1162

Фрыдрых І Барбароса разбурыў Мілян.

1163

Пачалося ўзьвядзеньне Сабору Нотр-Дам у Парыжы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0