СССР не любіў успамінаць пра сваю віну перад народам. Але мы павінны нястомна нагадваць і пра «Мы за ценой не постоим», і пра «новы Берасьцейскі мір», які Сталін хацеў заключыць з Гітлерам.

Піша Анатоль Сідарэвіч.

З 60-годзьдзя завяршэньня Другое сусьветнае вайны яны выціснулі ўсё, што маглі. Хлусілі не чырванеючы. Што ні тэзіс, то стары прапагандысцкі штамп. А галоўныя тэзісы былі: на змаганьне ўстаў увесь савецкі народ; вайна згуртавала народы Савецкага Саюзу; Савецкі Саюз адзін перамог Нямеччыну.

Як увесь савецкі народ устаў на змаганьне з нацыстамі, сьведчыць адна лічба: у гітлераўскіх вайсковых структурах кожны пяты быў з савецкіх грамадзян.

Як вайна згуртавала народы СССР, мы ведаем з гісторыі высылак немцаў Паволжжа, чачэнцаў, калмыкаў, крымскіх татар… З гісторыі масавых дэпартацый насельніцтва Балтыі і Заходняе Ўкраіны. З гісторыі масавых уцёкаў на Захад мільёнаў людзей зь Беларусі, Дону, Кубані…

Сьцьвярджаць, што СССР перамог Нямеччыну, можа толькі той, хто нічога ня чуў пра лэнд-ліз, Аб’яднаныя Нацыі і Другі фронт. І адкрыўся ён ня ў чэрвені 1944 году ў Нармандыі, як пішуць у падручніках, а ў час бітвы пад Сталінградам: тады брытанцы пачалі бамбардзіроўкі Нямеччыны, а разам з амэрыканцамі — бітву за Паўночную Афрыку. У ліпені 1943-га (ішла Курская бітва) яны былі на Сыцыліі. А праз два месяцы Італія капітулявала, і Гітлер мусіў накіраваць на Апэнінскі паўвостраў не адну дывізію.

Разумеючы фальшывасьць тэзісу «СССР перамог Нямеччыну», яны спрабуюць падмяніць яго яшчэ адным фальшывым тэзісам: «Савецкі Саюз зрабіў самы важкі ўклад у перамогу над Нямеччынай». На якіх вагах гэта ўзважана і якім мэтрам гэта зьмерана? Мусіць, колькасьцю палеглых на той вайне. Але гэта вынік бяздарнае палітыкі сталінскага кіраўніцтва, якое аддало немцам тэрыторыю ад Беластоку да Сталінграду (гнілая царская Расея далей як у Баранавічы іх не пусьціла). Гэта вынік бесчалавечных мэтадаў вядзеньня вайны. СССР так і ня змог палічыць усіх палеглых і замучаных. Ці гэта не адзнака зьняважлівага стаўленьня да чалавечага жыцьця?

Сталінскія маршалы («Мы за ценой не постоим») клалі на адным квадратным кілямэтры вызваленае тэрыторыі гэтулькі салдатаў, як ніводная армія сьвету. А мільёны палонных у першыя месяцы вайны? А панішчаныя заградатрадамі? А забітыя і спаленыя энкавэдыстамі мірныя жыхары Беларусі і Ўкраіны? А мільёны эмігрантаў, якіх таксама запісалі ў нябожчыкі?

Сёлета быў апошні ўсплёск бальшавіцкага патрыятызму. Зрэшты, ён закрануў толькі вярхі грамадзтва і толькі частку ўдзельнікаў вайны. Чым далей ад сталіцы, тым менш было шуму і чаду. Сотні тысяч грамадзян, не мабілізаваных на ўрачыстасьці, былі занятыя іншым. Яны пазіралі на неба і ўслухоўваліся ў мэтэапрагнозы: ці хоць пацяплее, ці можна сеяць і садзіць на лецішчах і гародах?

Халодная вясна паказала, што наша краіна яшчэ ня выйшла з эпохі натуральнае гаспадаркі, што заробкаў на годнае жыцьцё не хапае. За 60 паваенных гадоў мы так і не дасягнулі галоўнае перамогі — над беднасьцю.

Настае час разьвітаньня з ваенным пакаленьнем, якому дзяржава так і не сплаціла даўгі. Застануцца тыя, перад кім дзяржава вінаватая найбольш. Гэта дзеці вайны. Тыя, каго Сталін і начальнік генштабу Жукаў здалі пад уладу нацыстаў. Тыя, хто жыў у зямлянках і карміў вошы, хто цягаў на сабе плугі і бароны, каб не памерці з голаду… Ім належаць мэдалі за пакуты.

СССР і ягоныя спадкаемцы не любілі і ня любяць успамінаць пра сваю віну перад народам. Але мы павінны нястомна нагадваць і пра тых, хто давёў да Беластоцкага катла, да Сеньненскай катастрофы бранятанкавых войскаў, да Трасьцянца і гета… І пра тое, як Сталін хацеў заключыць з Гітлерам «новы Берасьцейскі мір» ды здаць Беларусь Нямеччыне. Калі наша грамадзтва будзе памятаць і думаць найперш пра гэта, тады сапраўды Беларусь стане дзяржаваю для народу Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0