На золку перабудовы ў асяродзьдзі нацыянальна сьвядомай інтэлігенцыі было модна крытыкаваць Менск за адсутнасьць уласнага стылю і твару, афіцыёзна-казарменны дух і правінцыялізм. Добра, што зь цягам часу перамог больш цьвярозы падыход і някідкая, але глыбокая ўнутраная прыгажосьць Менску была належным чынам ацэненая — спачатку гасьцямі сталіцы, а потым ужо і ў колах Адраджэньня.

Сярод бясспрэчных цнотаў гораду-героя вылучаюцца найперш тры: фармацэўтычная чысьціня, сталінскі ампір і прыгожыя ды ветлівыя дзяўчаты, якія ў некаторых месцах нашай сталіцы ўтвараюць стыхійныя (хаця і са стабільным раскладам) кастынгі. Надзвычай стыльны гібрыд Сынгапуру і Патаі!

Але пакуль што нявыкарыстаным застаецца адзін з каштоўных рэсурсаў нашай спадчыны, які мае калясальны адукацыйны, а нават і індустрыяльна-забаўляльны патэнцыял, — гарадзкая тапаніміка.

На першы погляд, у менскіх назвах няма сыстэмы. Ёсьць тутака і паганскі бог, і процьма мілагучных песьняроў Яснай Явы (некаторыя двойчы — пад сапраўдным прозьвішчам і псэўданімам), і мясьнікі-камісары ў пыльных шлемах, і пара тузінаў стэрэатыпных цюрскіх прозьвішчаў, якія цяжка вымавіць індаэўрапейскаму языку, — але ў памяці аўтаматычна ўсплывае Гумілёў. Нават адзін выпадковы кабаліст з Падуі «зацясаўся».

У адрозьненьне ад гарадоў і вёсак іншых краін, якія груба і ўпарта навязваюць грамадзянам аднастайную ідэалёгію сваіх пануючых клясаў (напрыклад, Міцкевіч—Славацкі—Пілсудзкі—Плятэр—Траўгут—Ян Павал ІІ або Нямецкая—Жыдоўская—Базыльлянская—Дамініканская—Арс-энальная—Шкляная—Ліцейная), гасьцінны Менск спрадвеку туліў усіх.

Сувэрэнныя назвы менскіх вуліц, узятыя разам, — не толькі ўнікальны помнік нашай этнакультуралёгіі, але і здабытак усяго прагрэсіўнага чалавецтва. Яшчэ не адзін доктар левалібэральных навук зробіць сабе на іх вывучэньні габілітацыю і імя. Бадай, нідзе больш на зямлі так поўна і дасканала не ўвасобіліся мары левых інтэлектуалаў пра паліткарэктнасьць, мультыкультурнасьць і дэканструкцыю, як у менскай тапаніміцы.

Усё, ува што людзі нашага краю калісьці шчыра верылі, абавязкова будзе ўвекавечана. Адзіная ўмова — каб чарговая вера пратрымалася нейкі мінімальна прыстойны час. Напрыклад, ганарыстыя вусатыя легіянэры ў кунтушах і канфэдэратках далі лататы занадта хутка, каб пакінуць тутака нейкі сьлед. Бялявыя змагары за Новую Эўропу пратрымаліся крыху даўжэй. То хаця і не прадстаўленыя ніводнай вулкай, дык, прынамсі, маюць надпіс «Brauerei Minsk» на фасадзе славутага гарадзкога бровару. Прымружыўшыся, можна ўявіць якуюсь Блюмэнштрасэ.

Шыльды з назвамі менскіх вулак, плошчаў, праездаў і тупікоў для ўдумлівага вока — нагода паразвазжаць пра прыроду людзкой Веры. У што шчыра верылі калісьці нашы продкі? Ня так істотна гэта ведаць, галоўнае — шанаваць. Ведаць жа цьвёрда трэба толькі адно: ніводная з гэтых нашых Вераў ня ёсьць ані лепшаю, ані слушнейшаю, ані апошняю, пра што цьмяна здагадваўся ўжо Понцкі Пілат і што бліскуча давёў кагадзе Карл Попэр. Ніводны зь іх ня мае пакуль менскай прапіскі, але горад-волат імкліва расьце, і будзем разьлічваць, што ўсё ў іх наперадзе.

У што ў такіх варунках мусіць верыць прагрэсіўны левалібэральны інтэлектуал, каб на чарговым павароце Яе Вялікасьці Гісторыі ня быць выкінутым зь сядла / адкінутым ад ночваў? Толькі ў няўхільны поступ Прагрэсу, які з часам гарантавана адхопіць у сэльвы, балота, пустыні ўсё новыя і новыя дзялянкі пад шматпавярховыя кварталы, падзеленыя шырокімі, але ўтульнымі вулкамі. Іх імёны захаваюць для бясконцых пакаленьняў нашчадкаў памяць пра чарговыя зьмены нашых спрадвечных Вераў, пра іх Герояў і Сымбалі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0