Песьня году-2005, Будзь разам з намі, Cover Band. CD1.

Песьня году-2005

«Песьня году-2005». Частка першая. Розныя выканаўцы. АНТ, 2005

Прадусарская кантора АНТ на чале зь Ягорам Хрусталёвым саскрэбла на адзін дыск апошнія поп-гіты краіны, што прагучалі ў аднайменным тэлепраекце ў пачатку вясны.

Большасьць месцаў аддадзена маладым. Заміж Дарафеевай — Ганна Мушак, на месца «Сяброў» добра ўпісалася «Атлянтыка», Ялфімаў падмяніў Дайнэку. З 21 песьні толькі адна засьпяваная па-беларуску. І гэта «Слуцкая брама» ў выкананьні «Крамы», якую немаведама якім ветрам занесла паміж Грыбалёвай і «Прымай Верай». Добры падарунак усім радыйнікам Беларусі. Але, каб ім жылося спакойна і Міністэрства ім не выгаворвала, падобныя дыскі мусяць зьяўляцца штотыдзень.

Найлепшае з дыску: Гюнэш («Назови меня по имени»), «Крама» («Слуцкая брама»), «Прыма Вера» («Полёт»), Ялфімаў («Ангел»).

Будзь разам з намі.

«West Records», 2005

Новы дыск «Крамы» здольны задаволіць кожнага — і таго, хто сабраў калекцыю «крамаўскіх» альбомаў на касэтах, і таго, хто ўбачыў «Краму» ўпершыню на «Песьні году-2005» на АНТ. Задаволіліся і самі музыканты, яны ўпершыню за 15-гадовую гісторыю калектыву атрымалі запіс, якога жадалі. «Крама» ў студыі ніяк не магла дасягнуць свайго «фірмовага», вядомага з канцэртаў гуку. Заміналі ўмовы (альбом «Камэндант» пісаўся ў бамбасховішчы), непастаянны склад, асабістыя праблемы. Пасьля альбому «Што дапаможа нам» (1998 г.) Варашкевіч думаў распусьціць гурт. Той альбом пісаўся нібы пад прымусам: творчы крызіс, сьмерць Ігаравых дзеда, бабулі, бацькі, развод з жонкай, алькаголь — усё гэта ў адзін час атакавала лідэра «Крамы». Гурт выстаяў: хоць доўга не было новых песень, даваў канцэрты і нагадваў пра сябе.

На гэтым дыску сабраныя 14 найлепшых песень «Крамы» розных часоў. Усё сыграна, сьпета, запісана наноў. Адмыслова для гэтага музыкі зьнялі катэдж у Баранавічах, пазычылі добрую апаратуру і месяц выходзілі з дому толькі для таго, каб парыбачыць.

Большасьць песень з альбому «Хворы на рок-н-рол» — легендарнага дэбюту «Крамы» (1993). Аранжыроўкі «Выпі са мной», «Бяжы, хлопец» не пазнаць. Песьні «Што дапаможа нам», «Слуцкая брама» запісаныя разам з джаз-бэндам «Apple Tea». Вакал Варашкевіча загучаў больш упэўнена і ярка. У стандартны шэраг песень алькагольнай, студэнцкай і гістарычнай тэматыкі добра ўпісаліся менш вядомыя: «Мама» — споведзь сына перад маці — і «Паходная» — варыяцыі на тэму Адысэя. Варта мець у калекцыі кожнаму.

Сяргей Будкін

Cover Band. CD1

«Cover Band. CD1». «Apple Tea». (p) «Apple Tea», 2004. Не для продажу

Cапраўдны рарытэт. Такога выданьня не было ў гісторыі беларускай папулярнай музыкі. Ці здаралася падобнае ў музыцы сусьветнай — не бяруся сьцьвярджаць, бо неяк ужо нечакана выглядае альбом знакамітай джаз-групы.

Мяркуйце самі: з 24 трэкаў — толькі адзін уласна джазавы. Рэшта — клясыка сусьветнай і савецкай поп-музыкі, гіты Іглесіяса, Стынга, «BoneyM», Ратару і г.д. «Гарбатныя» музыкі сабралі на дыску частку рэпэртуару, з дапамогай якога яны зарабляюць музыканцкія «чарку ды скварку», граючы на прэзэнтацыях, вечарынах па спэцзапрашэньнях. Калі хочаце ведаць, што такое «Apple Tea» ў пацяшальным (больш прыземлена — халтурным) варыянце — пастаўце дыск на прайгравальнік.

Але халтура ад халтуры розьніцца. Гэты CD, запісаны ў студыі, якая працуе ў Баранавічах пры касьцёле і карыстаецца ўсё большай папулярнасьцю сярод музыкаў, ніяк нельга лічыць гэткай забаўкай, зробленай левай рукой праз правае вуха. Усё выконваецца належным чынам, без кардынальных зьменаў у аранжыроўцы, што таксама сьведчыць пра высокую клясу музыкаў. Альбом ня знойдзеш у продажы, атрымаць яго можна падчас выступаў групы. Бо хто ж просіць грошы за візытоўку? Але калі грошы прапануеце, музыкі, думаю, не адмовяцца. Адно аўтары «Ландышаў» адлічэньняў не дачакаюцца…

На сайце групы www. apple-tea.com аб’яўлены конкурс на складаньне рэпэртуару наступнага такога дыску. А пакуль песьні выбіраюцца, «Apple Tea» піша ў Баранавічах чарговы альбом з чыста джазавым рэпэртуарам.

Кавырнуты СЛУХАЧ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0