Стартавала чарговая абітурыенцкая кампанія — пачалося платнае цэнтралізаванае тэставаньне. Хвалююцца дзеці. Бацькі хвалююцца яшчэ больш: трэба ж уладкаваць дзіця. Калі цяпер для школьнікаў галоўнае — паступіць у абраны ўнівэрсытэт, то потым іх будуць цікавіць іншыя пытаньні. Напрыклад, разьмеркаваньне.

Абавязковае разьмеркаваньне выпускнікоў ВНУ было адноўлена ў 1997/1998 навучальным годзе. Паводле яго, кожны студэнт, што вучыўся за бюджэтны кошт, мусіў два гады адпрацаваць ці на дзяржаўным прадпрыемстве, ці ў дзяржустанове.

Новы праект закону аб вышэйшай адукацыі плянуе замацаваць норму, згодна зь якой адпрацоўваць дыплём дзяржаўнай ВНУ бюджэтнікам прыйдзецца цягам пяці гадоў. Прычым ёсьць варыянты: пяць год на адным месцы або праз два гады малады спэцыяліст можа зьмяніць працу, але ў межах Рэспублікі Беларусі. У адваротным выпадку студэнт павінен вярнуць дзяржаве грошы за адукацыю.

Абавязковае разьмеркаваньне, зрэшты, мае і плюсы. Гэта і гарантаваная праца маладым спэцыялістам, і набыцьцё працоўнага стажу, і штуршок да далейшага разьвіцьця кар’еры. Дастаткова прагледзець аб’явы аб працаўладкаваньні, каб пераканацца ў тым, што ніводная прэстыжная фірма або арганізацыя ня возьме на работу чалавека бяз досьведу.

Адмоўнае — перадусім нізкі заробак спэцыяліста-пачаткоўца ў дзяржаўных установах. Як пражыць доктару ці настаўніку на 60—70 даляраў у месяц? Апроч гэтага, ёсьць і псыхалягічны момант. Чалавек па-рознаму ставіцца да той працы, якую знайшоў сам, і да той, куды цябе «разьмеркавалі». У першым выпадку ён выкладвацца на ўсе 100% (прэстыжная праца, якую шкада страціць), стаўленьне да працы ў другім выпадку самае рознае.

Дзяржава, заяўляючы пра абавязковасьць разьмеркаваньня, націскае на два аргумэнты: студэнты павінны адпрацаваць свой доўг дзяржаве; дзяржава клапоціцца пра студэнта, забясьпечваючы першым працоўным месцам.

Так, канстытуцыя гарантуе ўсім грамадзянам бясплатную адукацыю, і няма ніякіх агаворак, што студэнт пры пэўных абставінах павінен вяртаць грошы. Але з чаго складаецца бюджэт дзяржавы? З падаткаў, якія плацяць бацькі студэнтаў і прадпрыемствы, дзе бацькі працуюць. Адсюль вынікае, што адукацыя фінансуецца менавіта імі, толькі ўскосна.

Бясплатная вышэйшая адукацыя ў Беларусі? Таксама міт. У той жа Нямеччыне маецца больш за трыста ВНУ (першае месца ў сьвеце па колькасьці ўнівэрсытэтаў), 98% зь іх дзяржаўныя. Плата за навучаньне тут не прадугледжана. Замежныя студэнты таксама вучацца бясплатна пры той умове, што яны вытрымалі іспыты па нямецкай мове. Абавязковае разьмеркаваньне студэнтаў прысутнічае ў тых выпадках, калі нейкая карпарацыя або фірма запрасіла студэнта на працу (ня варта казаць, што студэнт пры гэтым павінен быць ня супраць). Бясплатная вышэйшая адукацыя — дзяржаўная палітыка Германіі, такую палітыку можа дазволіць сабе толькі эканамічна і палітычна моцная дзяржава. Ці зьяўляецца такой дзяржавай Беларусь?

Студэнты — народ актыўны і прагматычны, пакаленьне next хоча жыць «тут і цяпер» і мець нармальныя грошы за нармальную працу «тут і цяпер». Шкада, калі іх актыўнасьць праявіцца ў іншай краіне. Найлепшыя зьяжджаюць? Спадзяюся, што празь нейкі час можна будзе ўпэўнена адказаць: «Не! Найлепшыя застаюцца працаваць на сваю краіну». Аптымісты застаюцца аптымістамі, рэчаіснасьць — беларускай рэчаіснасьцю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0