«Што мы атрымалі ад «вяртаньня клясычнага правапісу»? Раскол у беларускай супольнасьці», — мяркуе чытач з Горадні Юры Тарасевіч. Але хіба гэты правапіс каму замінае?

Няўжо ён зьнізіў наклады беларускіх кніг і часопісаў, ці зьяўленьне мяккіх знакаў зьменшыла колькасьць чытачоў? Ці праз тарашкевіцу беларускія пісьменьнікі не ствараюць бэстсэлераў? Ці, можа, людзі аказаліся падзеленымі на два лягеры і нават не вітаюцца паміж сабою, бо адныя пішуць «зьвяз», а другія «саюз»? Такога няма. Бо цалкам нармальна суіснуюць і наркамаўка, і лацінка, і нэатарашкевіца, якіх нават не адна.

Але ў такой шматвэктарнасьці ёсьць і складанасьці. Найперш — як вучыць дзяцей у школе, як правяраць, што яны пішуць правільна. Ну, пакуль тарашкевіца неўнармаваная, пакуль няма «зводу правілаў» (пра які так доўга ідзе гаворка) і пакуль няма прычын спадзявацца на тое, што ўлады прымуць новы правапіс у якасьці афіцыйнага, няхай нават не замест, а побач, разам з існуючым, то адзіны варыянт застаецца — у навучальных установах правільным лічыць наркамаўскі правапіс. Добра, калі настаўнік раскажа вучням, што існуюць іншыя варыянты (лацінка і «пісьмо зь мяккімі знакамі»). А потым пабачым.

Ці будуць адначасова ўжывацца два правапісы, ці застанецца адзін зь іх, ці яны ўніфікуюцца — гэта пакажа жыцьцё, практыка. Прагрэс мовы, эвалюцыя ня робіцца ўлёткамі ці дэклямацыямі з трыбуны. Варта працаваць, ствараць, распаўсюджваць, ужываць. Больш тэкстаў, твораў. Каму больш падабаецца афіцыйны правапіс — калі ласка. Каму ня цяжка пісаць шэсьць мяккіх знакаў у слове «жыцьцесьцьвярджальнасьць» — калі ласка. А гэта сапраўды ня цяжка.

Жывая, нязмушаная беларуская мова шмат ужываецца ў Інтэрнэце. І там сапраўды тарашкевіца відаць часьцей. Гэтым правапісам актыўна карыстаюцца, ён выпрабоўваецца часам. З аднаго боку, гэта нават лепш, што дагэтуль няма зацьверджанага зводу правілаў. Цяпер нельга будзе крытыкаваць нэаклясычны правапіс, што ён «штучны», выдуманы тэарэтыкамі, адарваны ад жыцьця, рэчаіснасьці. Сёньня рэчаіснасьць такая, што новы звод правілаў павінен казаць ня «правільна трэба пісаць вось так», а «правільна пішацца вось так».

Прыхільнікам мяккага знаку закідаюць: «Вы што, хочаце адмяніць мову, на якой пісалі Колас, Караткевіч, Быкаў? Спаліць іх кнігі і надрукаваць наноў, паўстаўляўшы мяккія знакі?» Ня думаю, што клясыкі беларускай літаратуры пісалі наркамаўкай таму, што яны былі заўзятыя праціўнікі тарашкевіцы. Тады не было выбару як пісаць, існаваў адзін варыянт (я кажу пра пісьменьнікаў, якія тварылі ў БССР, не разглядаю творчасьці людзей у эміграцыі, дзе тарашкевіца ўжывалася ці ня ўвесь час). А яшчэ, напэўна, ім было ня вельмі важна, як выглядае тэкст. Галоўнае — зьмест.

Так і нам ня варта дзяліцца на тых, хто разьбівае яйка з вострага боку, і на тых, хто з тупога. Лепей успрымаць адрозьненьні ў правапісе як розныя почыркі: нехта піша круглымі літарамі, нехта вуглаватымі. Нехта любіць сіні атрамант, нехта чорны ці зялёны. А калі нэатарашкевіца пераможа, проста будуць перавыдавацца старыя тэксты ў сучасным выглядзе. Гэтаксама як цяпер перавыдаюцца тэксты Скарыны і іншых старадаўніх аўтараў. Абвінавачваньні ў схізьме, нападкі на тых, хто думае і робіць інакш, — гэта не вядзе да аб’яднаньня. Давайце лепш працаваць, ствараць нешта новае, паляпшаць існуючае. Калі ня можам разам, дык хай, прынамсі, побач, але толькі ня супраць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0