Аляксандар Качан, сцэнарыст фільму «Акупацыя», апошнія тры гады жыве ў Кіеве. Падзеі ва Ўкраіне і ў Беларусі вачыма сцэнарыста — якая драматургія назіраецца?

Гутарыць Андрэй Расінскі.

«НН»: Аляксандар, як і чаму Вы пераехалі ва Ўкраіну?

АК: Я ажаніўся з кіяўлянкай.

«НН»: Адарваліся ад беларускіх спраў?

АК: Ні ў якім разе. Бываю ў Беларусі, маю творчыя справы, ёсьць Інтэрнэт, каб адсочваць падзеі. У Кіева-Магілянскай акадэміі існуе асяродак, які цікавіцца падзеямі ў Беларусі. Я двойчы выступаў там зь лекцыямі пра беларускае кіно. Мне казалі: «Вы жывяце ў краіне культурных герояў. Пад ціскам заўжды нараджаецца незвычайнае».

«НН»: Ва Ўкраіне незвычайнага менш? Ну, рэвалюцыя там...

АК: Ва Ўкраіне няма таго палітычнага рэжыму, які ў Беларусі, і спадарожных яму рэчаў. Не было яго нават да рэвалюцыі. Алігархія — гэта няўстойлівая сыстэма, з расколамі. Тут пачуваешся больш вольна, больш анархічна, што для творчай асобы больш натуральна. Людзі пакінутыя самі на сябе — і неяк самі выкручваюцца з складанага эканамічнага становішча. Хаатычная складовая нізавога жыцьця тут заўважная — і яна мне больш падабаецца за тую стэрыльнасьць, якая пануе на вуліцах у Менску.

«НН»: Гэта дзякуючы рысам нацыянальнага характару ці праз розьніцу ў палітычных сыстэмах?

АК: Гэта рыса палітычнай сыстэмы. У Беларусі аўтакратычная ўлада накіравала ўсё ў жорсткія рамкі. Ідэя чысьціні гораду стала адной з ідэфікс.

«НН»: …У тым ліку і палітычнай «чысьціні»…

АК: І палітычнай, і эканамічнай.

«НН»: А што было падобным ва Ўкраіне і ў Беларусі?

АК: Сытуацыя ўскрайку імпэрыі — не знайшлося яшчэ нацыянальнай тоеснасьці цалкам і тут, і там.

«НН»: Але ж ва Ўкраіне былі й застаюцца сьцяг, мова…

АК: Эліты, якія дэкляравалі нацыянальны праект як сваё крэда, карысталіся гэтай ідэяй толькі вонкава. Яны былі прыстасаванцамі, і шмат хто ўспрымаў нацыянальны праект як штучны. Толькі падчас Аранжавай рэвалюцыі адбыўся скачкападобны пералом. А ў Беларусі няма скачкоў, ідзе паступовы працэс — у адным кірунку.

«НН»: Калі паглядзець на падзеі ва Ўкраіне і ў Беларусі вачыма сцэнарыста, то які сцэнар быў ва Ўкраіне і які — у Беларусі?

АК: У Беларусі агульная драматургія падзей — абсурд. Кіно абсурду, тэатар абсурду, нешта кафкіянскае. А тут усё склалася больш-менш нармальна, паводле нармальных драматургічных прыёмаў. Барацьба дабра з больш слабым злом. Звычайная драматургія, якая нават у амэрыканскім кіно выкарыстоўваецца. У Беларусі я бачу толькі тэатар Бэкета. Грамадзтва настолькі разьяднанае, што можна казаць толькі пра адзіноту, абсурд, недарэчнасьць існаваньня чалавека-адзінкі.

«НН»: А можна прадбачыць нейкі сцэнар, пры якім гэтая разьяднанасьць была б пераадолена і адбылося б тое, што Вы называеце скачкападобным пераломам?

АК: З гледзішча творчасьці, калі б мне як драматургу прыйшло ў галаву напісаць сцэнар на будучае разьвіцьцё Беларусі, у мяне б ён выйшаў пэсымістычна-апакаліптычны. Бо трэба быць вялікім аптымістам, каб прадбачыць у Беларусі нармальную хаду падзей. Столькі ўжо сьмецьця назапасілася ў мэханізьме ўлады, што можна чакаць усялякіх вычварэньняў у выпадку, калі сытуацыя будзе зьмяняцца выбухова.

«НН»: А што заўважна ва ўкраінскім кіно, культуры?

АК: Ва Ўкраіне практычна няма ўкраінскага кіно, толькі навагоднія мюзыклы тэлеканалу «Інтэр». Украінскага мастацкага кіно не відаць — ні ў відэапракаце, ні ў кінатэатрах. Кіно, зробленае пад расейскага гледача, на расейскай мове, не ўяўляе цікавасьці. Студэнты Кіева-Магілянкі зайздросьцілі нам за «Акупацыю».

Кідаецца ў вочы праява музычнай культуры. Яна значна больш арыгінальная і канвэрсоўная — «Акіян Эльзы», «Воплі Відаплясава». А ёсьць і такія дзіўныя рэчы накшталт рэктара Інстытуту культуры Паплаўскага. Ён сьпявае, выступае на канцэртах па тэлебачаньні больш за «Акіян Эльзы», скарыстоўвае шматлюдныя масоўкі са сваіх студэнтаў, якія здымаюцца ў ягоных кліпах, адтанцоўваюць…

«НН»: Як свабода з Украіны можа паўплываць на Беларусь? Пры якіх умовах?

АК: Калі будзе эканамічны прыклад. Беларускі народ можна спакусіць толькі прыкладам эканамічнага разьвіцьця, ідэяй свабоды не спакусіш.

«НН». Што заўважна з Украіны таго, чаго нельга заўважыць зь Беларусі?

АК: У Беларусі лёгка стаць закончаным пэсымістам. А тут ёсьць адчуваньне: сьвет не ідзе на дно.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0