Моцныя слабых усё б’юць, як у мінулыя стагодзьдзі білі.

Ганад Чарказян

13 красавіка ў Ерэван з Анкары быў прывезены незвычайны падарунак — дакумэнты аб армянскай разьні 1915 году. Паводле дакумэнтаў, генацыду не было, лічбы ахвяр перабольшаныя, вінаваты збольшага самі армяне. Афіцыйны Ерэван ужо назваў дакумэнты няпоўнымі і сфальсыфікаванымі.

Што адбылося 90 гадоў таму і чаму погляды на гэтыя падзеі дыямэтральна супрацьлеглыя? Армэнія — краіна, што некалькі разоў зазнавала падзелы. Так, у сярэдзіне XVII ст. Заходняя Армэнія адышла да Асманскай імпэрыі, Усходняя Армэнія спачатку трапіла пад уладу Пэрсіі, а затым — Расеі. Апірышчам незалежніцкага руху стала Заходняя Армэнія. Пры гэтым Пецярбург, што шчодра фінансаваў гэты рух, зыходзіў з прынцыпу: «Нам патрэбна Армэнія, але ня трэба армян». Першы незалежнік Мікаэл Налбандзян скончыў сваё жыцьцё ў Петрапаўлаўскай крэпасьці.

Армяне рабілі тэракты супраць турэцкіх улад, тыя арганізоўвалі пагромы, пераважна рукамі курдаў. На некаторы час усё аціхла ў 1908 г., калі адбылася моладатурэцкая рэвалюцыя. Некаторы час армяне і туркі жылі ў згодзе. Пра турэцкую рэвалюцыю шмат пісала першая «Наша Ніва».

Але надышла сусьветная вайна. Турцыя і Расея аказаліся адна супраць адной, а армяне — паміж імі. Туркі загадалі армянам высяляцца ў пустыні Мэсапатаміі. Усё было абвешчана ўнутранай справай Турцыі, клопатам пра цэласнасьць імпэрыі. На гэтай пазыцыі туркі стаяць і сёньня, хоць і зьяўляюцца ў самой краіне галасы прызнаць генацыд 1915 г. Падчас таго высяленьня загінула каля мільёна двухсот тысячаў армянаў.

Армяне ўжо амаль стагодзьдзе дамагаюцца прабачэньняў. Ці ёсьць у іх шанцы быць пачутымі? Прыклады ў гісторыі ХХ ст. ёсьць. Нямеччына прайграла ўшчэнт і мусіла адказваць за ўсе расавыя экспэрымэнты свайго фюрэра. А вось сёньняшнія лукашэнкаўцы зь пенай адхрышчваюцца ад Курапат, а Масква зноў ушаноўвае Мураўёва-вешальніка.

І кожны раз кат крычыць ахвяры: «Дакажы, што ты сам не вінаваты!»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0