Дэцэнтралізацыя ва Украіне: як працуе самая паспяховая рэформа, калі доля падаткаў застаецца ў мясцовых бюджэтах

Аўтар: Максім Маханькоў, Ковель—Мінск

З кім бы я ні сустракаўся ва Украіне, усе пагаджаюцца, што самая паспяховая рэформа за паслярэвалюцыйны час — гэта рэформа мясцовага самакіравання, ці дэцэнтралізацыя. Гэта тая рэформа, якая прынесла канкрэтныя вынікі канкрэтным людзям, якія жывуць далёка ад буйных і адносна паспяховых Кіева, Адэсы, Львова ці Дняпра. Каб праверыць, як праходзіць самая паспяховая рэформа ва Украіне і якія ад яе вынікі, мы вырашылі з’ездзіць у гарадскі пасёлак Галобы на Валыні, які знаходзіцца за 117 кіламетраў да беларускай мяжы.

Мястэчка Галобы вядомае з XVI стагоддзя, калі яно падпарадкоўвалася Луцкаму замку. Цяпер Галобы адміністратыўна належаць да Ковельскага раёна Валынскай вобласці. 14 жніўня 2015 года пачаўся новы этап у жыцці гэтага мястэчка: у рамках дэцэнтралізацыі Галобы сталі цэнтрам аб’яднанай тэрытарыяльнай грамады, якая лучыць, акрамя Галоб, яшчэ 18 навакольных вёсак з агульным насельніцтвам 7899 чалавек (у саміх Галобах — 4349 чалавек).

Аб’яднаная тэрытарыяльная грамада (АТГ) — гэта асобная адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка, якая можа ўтварыцца ў выніку добраахвотнага аб’яднання сумежных вёсак і гарадоў, але толькі тых вёсак і гарадоў, якія знаходзяцца ў межах аднаго раёна. АТГ не могуць выходзіць за межы раёнаў і абласцей.

Інтэрактыўная мапа паказвае, што найбольш актыўна працэс стварэння новых грамад адбываецца на захадзе Украіны.

Большая частка падаткаў, якая раней ішла ў Кіеў, цяпер застаецца ў грамадзе.

Я ехаў у Галобы праз Брэст. З Брэста на Ковель рэгулярна ходзяць аўтобусы і дызель праз Маларыту, а з Ковеля ў Галобы — дызель.

Тыя дарогі, якія мы пабачылі ў Галобах, былі даволі дагледжанымі і якаснымі ў параўнанні з іншымі дарогамі ва Украіне.

На вуліцах мястэчка побач з украінскай дзяржаўнай сімволікай можна сустрэць і сцягі ЕС.

У адміністратыўным будынку жыхары аб’яднанай грамады могуць атрымаць любую неабходную ім паслугу.

На першым паверсе мы пабачылі спіс з вакансіямі ў Ковельскім раёне. У сярэднім вакансіі прапануюць заробак ад 4 да 5 тысяч грывень (300—360 рублёў).

Нас сустракае Юлія Франчук, якая працуе менеджаркай праектаў у Галобскай грамадзе. Яна распавяла пра асаблівасці работы з пачаткам працэсу дэцэнтралізацыі.

«Раней амаль усе грошы з падаткаў, якія збіраліся з фізічных асоб і прадпрыемстваў, ішлі «наверх», у Кіеў. У мясцовых бюджэтах амаль нічога не заставалася. Толькі потым ужо Кіеў гэтыя грошы пераразмяркоўваў. Але ў выніку гэтага пераразмеркавання да мясцовых бюджэтаў мала што даходзіла. Мы былі вымушаны клянчыць гэтыя грошы. Цяпер сітуацыя прынцыпова іншая. Большая частка грошай застаецца ў нашым бюджэце, і мы самі вырашаем, на што іх траціць».

Сапраўды, калі раней усе падаткі (акрамя мясцовых) ішлі ў Кіеў, цяпер 60% падатку ад фізічных асоб застаецца ў грамады і толькі 40% ідзе ў Кіеў. Акрамя таго, тэрытарыяльная грамада мае доступ да грошай з акцызных падаткаў, экалагічнага падатку, падатку на даходы камунальных прадпрыемстваў, адзінага падатку і падатку на маёмасць. Адпаведна, грамада зацікаўленая ў добрай збіральнасці падаткаў.

Акрамя ўсіх пералічаных вышэй дзяржаўных падаткаў, за аб’яднанай грамадой застаюцца і такія крыніцы напаўнення бюджэту, як раней замацаваныя мясцовыя падаткі і зборы. Таксама аб’яднаныя грамады могуць разлічваць на падтрымку Дзяржаўнага фонду рэгіянальнага развіцця, а таксама дзяржаўнае і замежнае фінансаванне шляхам напісання праектаў для ўдзелу ў конкурсных інвестыцыйных праграмах.

«Добра, што мы цяпер самі вырашаем, на што траціць грошы: на школу, ці на дарогу, ці на парк, ці на ўсё адначасова. Але, з другога боку, гэта і большая адказнасць. Калі раней жыццядзейнасць асноўных аб’ектаў падтрымлівалася грашыма з дзяржаўнага бюджэту, то зараз мы адказваем за гэта самі.

Такая сістэма размеркавання падаткаў больш эфектыўная, бо яна ў першую чаргу стымулюе самі мясцовыя грамады працаваць. Раней было не так важна, колькі грошай ты заробіш, бо ўсё ішло ў Кіеў. А цяпер мы самі зацікаўленыя ў стварэнні новых працоўных месцаў. Чым іх будзе больш, тым больш падаткаў мы зможам сабраць, тым больш грошай застанецца ў нас».

Бюджэт кожнай аб’яднанай грамады можна без праблем знайсці ў інтэрнэце на дзяржаўным сайце. На старонцы можна знайсці інфармацыю, як з 2015 па 2016 год узрос бюджэт і Галобскай грамады.

Юлія Франчук нарадзілася ў Галобах, доўгі час жыла і вучылася ў Луцку, але ўсё ж такі вырашыла вярнуцца на радзіму. Відавочна, што зрабіла яна гэта не з-за грошай. Нягледзячы на поспехі ў дэцэнтралізацыі, заробкі ў адміністратыўных работнікаў аб’яднанай грамады мізэрныя. Юлія Франчук працуе на поўную стаўку, мае заробак 2118 грывень (каля 160 рублёў). Памер стаўкі нават меншы за афіцыйна зацверджаны мінімальны заробак ва Украіне (3200 грывень). Але з улікам усіх прэмій і надбавак рэальны заробак усё ж дасягае мінімальна магчымага па краіне ўзроўню.

«Самае каштоўнае на гэтай працы тое, што мяне чуюць», — кажа Юлія.

Актыўна ствараюцца па Украіне так званыя адзіныя ЦНАПы (цэнтры надання адміністратыўных паслуг). Робяцца яны ў асноўным за сродкі замежных донараў. Падобны ЦНАП быў створаны і ў Галобскай грамадзе, дзе можна атрымаць асноўныя адміністратыўныя паслугі ў адным месцы.

Уся інфармацыя пра кошт такога ЦНАПу даступная, лічбы ёсць у адкрытым доступе. Згодна са справаздачай, такі ЦНАП каштаваў каля 36 тысяч еўра. Большая частка фінансавання — еўрапейскія гранты.

З-за таго, што праект фінансуецца ЕС, ён жа і выстаўляе патрабаванні да праектавання і будаўніцтва такіх ЦНАПаў. Усё робіцца адпаведна праектам і стандартам донараў, і мясцовая адміністрацыя грамады не можа гэты праект змяніць. Прадугледжаныя ў такіх ЦНАПах нават туалеты для асоб з інваліднасцю.

За кошт мясцовага і дзяржаўнага бюджэтаў, а таксама замежных грантаў істотна змянілася і мясцовая школа. Зараз ва Украіне рэалізуецца канцэпцыя стварэння так званых «апорных школ», калі школы з малой колькасцю вучняў закрываюцца, а ў цэнтры аб’яднанай грамады ствараецца школа з найлепшымі спецыялістамі і найсучаснейшым абсталяваннем. Дзяцей з іншых населеных пунктаў у цэнтр аб’яднанай грамады завозяць спецыяльныя аўтобусы (у Галобскай грамадзе 3 такія аўтобусы), а настаўнікі з закрытых малых школ працаўладкоўваюцца ў апорных школах.

У Галобскай апорнай школе працягваецца маштабны рамонт, але ўжо цяпер яна ўражвае. Там ёсць фотастудыя; у кожным класе ёсць альбо праектар, альбо вялікі манітор; скрозь новая і сучасная мэбля; у калідорах стаяць тэнісныя сталы; у кабінеце інфарматыкі — самыя сучасныя камп’ютары.

Кошт харчавання дзяцей у школьнай сталовай мізэрны ў параўнанні з беларускімі коштамі. Харчаванне школьніка сярэдніх і старэйшых класаў каштуе 110 грывень (8 рублёў) за месяц. Для параўнання: мой пляменнік у мінскай гімназіі плаціць за адзін сняданак 3 рублі.

Яшчэ адзін з аб’ектаў, які істотна змяніў свае аблічча пасля пачатку дэцэнтралізацыі, стаў мясцовы стадыён, дзе з’явіліся пляцоўкі са штучным пакрыццём і сучасныя трыбуны. Грошы на стадыён, як і на школу, ідуць з самых розных крыніц: мясцовых, дзяржаўных і замежных.

Але ўсё не абмяжоўваецца толькі ЦНАПам, школай і стадыёнам у Галобах. Адрамантаваныя дарогі, вуліцы, будынкі не толькі ў Галобах, але і ў іншых населеных пунктах грамады — усё нават цяжка пералічыць.

Кіраўніком Галобскай грамады працуе Сяргей Гарбарук, які раней працаваў у школе настаўнікам фізічнай культуры.

«З пачаткам дэцэнтралізацыі працаваць стала складаней. Дадалося шмат пытанняў, якія трэба вырашаць, і паўнамоцтваў. Хаця працаваць і складана, але цікава, бо ёсць вынік, які мы бачым ужо сёння. Нам удалося рэалізаваць шмат праектаў, якія мы проста не маглі рэалізаваць да дэцэнтралізацыі. На ўзроўні дзяржавы аб’яднаныя грамады падтрымліваюцца дзякуючы дадатковым субвенцыям».

Калі казаць пра цяжкасці на шляху дэцэнтралізацыі, Сяргей Гарбарук адзначае міжпартыйныя супярэчнасці ў мясцовых саветах, калі дэпутаты замест плённай працы займаюцца палітычнымі сваркамі і ставяць партыйныя інтарэсы вышэй за грамадскія.

«Партыйная палітыка — вельмі складаная рэч», — кажа ён.

Згаджаецца са сваім кіраўніком і Юлія Франчук: «Бываюць такія моманты, калі трэба зрабіць усё дакладна і строга. Але часам наша дэмакратыя ну занадта дэмакратычная!»

Але, хоць украінцы і ганарацца сваёй новай сісітэмай грамад, яны па-ранейшаму зайздросцяць беларускаму дабрабыту. Сяргей Гарбарук хваліць беларускі горад Кобрын, пабрацім Ковеля.

«Там вельмі класна, і нам хацелася б, каб у нас была падобная інфраструктура. У Беларусі парадак. Я бачыў Мінск, я бачыў Кобрын. Мой кум кажа: калі пераязджаеш беларуска-ўкраінскую мяжу, робіцца сорамна за ўкраінскую дзяржаву. Мы ўсё гэта пройдзем, але цяпер маем тое, што маем», — з горыччу дадае ён.

У той жа час мае ўкраінскія суразмоўцы разумеюць, што ў Беларусі няма дэмакратыі і свабоды. Украінцы спадзяюцца, што рэформы ў іх краіне дазволяць спалучыць свабоду і незалежнасць з ростам якасці жыцця.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?