«Покі будуць людзі»? Дэмаграфічная катастрофа Усходняй Еўропы 267

Аўтар: Максім Маханькоў, фота Сяргея Гудзіліна

Багатыя краіны Захаду ўсяляк стараюцца павялічыць сваё насельніцтва. У той жа час краіны Усходняй Еўропы не могуць або не хочуць гэтага рабіць. Абязлюдзенне стала сумнай рэальнасцю і галоўнай стрымкай эканамічнага росту.

З 1989 па 2017 год насельніцтва Беларусі скарацілася з 10,2 да 9,5 мільёна чалавек. Наша краіна страціла каля 700 тысяч жыхароў (6,9%).

За той час насельніцтва ЗША вырасла з 247 да 325 мільёнаў. Насельніцтва Нямеччыны вырасла з 79 да 83 мільёнаў, Ізраіля — з 4,7 да 8,7 мільёна. Нават насельніцтва Расіі засталося на тым жа ўзроўні — 147 мільёнаў, праўда, за кошт анэксіі Крыма, інакш было б зафіксаванае падзенне.

Беларусь — не адзіная краіна, якая бязлюдзее. Сітуацыя ў іншых краінах Усходняй Еўропы яшчэ горшая. Насельніцтва Малдовы скарацілася з 4,3 да 2,6 млн чалавек, Латвіі — з 2,7 да 2,0, Літвы — з 3,7 да 2,8 мільёна. Тое самае ў Румыніі, Балгарыі, Украіне… 

У той жа час дэмаграфічнага правалу не здарылася ў Польшчы, Славаччыне, Чэхіі.

Цэлы шэраг краін Еўропы сутыкаецца з дэмаграфічнымі праблемамі. І калі краіны Заходняй Еўропы яшчэ могуць кампенсаваць нізкую нараджальнасць за кошт прыцягнення мігрантаў, то краіны Усходняй Еўропы апынуліся ў цяжкім становішчы. Яны не толькі мала прыцягваюць чалавечыя рэсурсы з іншых краін, але самі маюць вялікае адмоўнае сальда міграцыі.

Традыцыйна захад Еўропы мае больш высокую шчыльнасць насельніцтва, чым усход. Але калі цяперашнія трэнды будуць працягвацца, дыспрапорцыя стане яшчэ больш катастрафічнай.

Краіны Балтыі

Краіны Балтыі перажываюць сапраўдную дэмаграфічную катастрофу.

З 1991 года насельніцтва Літвы скарацілася на 900 тысяч чалавек (з 3,7 да 2,8 мільёна).

У Латвіі паменела на 700 тысяч: насельніцтва скарацілася з 2,7 да 2 мільёнаў.

Сітуацыя ў Эстоніі не такая катастрафічная, але таксама далёкая ад аптымізму — падзенне з 1,57 да 1,32 мільёна чалавек (падзенне на 250 тысяч). Эстонія, у адрозненне ад Літвы і Латвіі, мае станоўчае сальда міграцыі.

Змены ў колькасці насельніцтва краін Балтыі з 1991 года.

Такім чынам, краіны Балтыі агулам за 27 гадоў страцілі каля 1,85 мільёна чалавек, альбо 23,2%.

Важна тое, што працэсы дэпапуляцыі закранулі не толькі вёскі і мястэчкі краін Балтыі, але нават і адносна вялікія гарады.

Насельніцтва Рыгі за гэтыя гады скарацілася з 915 да 640 тысяч чалавек (больш чым на 30%), а Даўгаўпілса (Дзвінска) — са 130 да 85 тысяч (на 35%). Атрымоўваецца, што зараз у Даўгаўпілсе людзей жыве менш, чым жыло на пачатку ХХ стагоддзя.

Людзі перастаюць нараджаць, таму што не бачаць будучыні і перспектыў для сваіх дзяцей. З-за скарачэння насельніцтва закрываюцца сацыяльныя аб’екты (школы, паліклінікі), якасць жыцця яшчэ больш падае. Скарачаецца колькасць збіраных падаткаў, што прымушае ўлады яшчэ больш скарачаць расходы на сацыяльныя патрэбы. Насельніцтва, якое застаецца, старэе, павялічваецца падатковая нагрузка на працаздольнае насельніцтва.

Але варта адзначыць, што нягледзячы на апакаліптычныя прагнозы, нараджальнасць у краінах Балтыі ўсё ж пачала расці з 2000 года. Цяпер каэфіцыент нараджальнасці ў Латвіі такі ж самы, як у Беларусі — каля 1,7 дзіця на адну жанчыну. Але адмоўнае сальда міграцыі пакуль нівелюе гэтыя станоўчыя тэндэнцыі.

На сённяшні дзень Балтыя з’яўляецца адным з самых маланаселеных раёнаў Еўропы. Меншая шчыльнасць насельніцтва зараз толькі ў суседняй Скандынавіі, якая мае больш суворы клімат.

Украіна

Паўднёвая суседка Беларусі таксама мае цяжкую дэмаграфічную сітуацыю. Цяжка нават вызначыць, колькі людзей пражывае ва Украіне, таму што гэтая дзяржава не кантралюе частку сваёй тэрыторыі. Украінская афіцыйная статыстыка даверу таксама не выклікае.

Калі Украіна стала незалежнай дзяржавай, яе насельніцтва складала каля 52 мільёнаў чалавек. На канец 2017 года Дзяржаўны камітэт статыстыкі налічыў ва Украіне 42,2 мільёна чалавек (без уліку акупаванага Крыма, дзе пражывае каля 2 мільёнаў чалавек).

Калі не ўлічваць асобныя раёны Данецкай і Луганскай абласцей, дзе жыве каля 3,8 мільёна чалавек, лічбы будуць яшчэ больш сумнымі — крыху больш за 38 мільёнаў чалавек. Але нават гэтую лічбу ставяць пад сумненне.

На сённяшні дзень ва Украіне адсутнічаюць статыстычныя дадзеныя, якія б улічвалі актыўную працоўную міграцыю насельніцтва ў Польшчу і якім можна было б давяраць.

Змены ў колькасці насельніцтва Украіны з 1993 года.

Ёсць альтэрнатыўныя ацэнкі колькасці наяўнага насельніцтва, якія яшчэ ў большай ступені несуцяшальныя. Калі падлічыць аб’ём вытворчасці і спажывання хлеба ва Украіне, то некаторыя эксперты сцвярджаюць, што там жыве ўсяго каля 36 мільёнаў чалавек!

Дынаміка вытворчасці хлеба ва Украіне.

Дэпапуляцыя ў прамысловых рэгіёнах усходу і цэнтра Украіны адбывалася больш хуткімі тэмпамі. Прычым катастрафічнае падзенне колькасці насельніцтва на Данбасе адбывалася яшчэ задоўга да пачатку баявых дзеянняў на ўсходзе Украіны — з сярэдзіны дзевяностых.

Так з 1993 па 2013 год адна толькі Данецкая вобласць страціла 1 мільён чалавек — яе насельніцтва паменела з 5,4 да 4,4 мільёна чалавек.

На захадзе Украіны за кошт больш высокай нараджальнасці сітуацыя не такая катастрафічная. У некаторыя гады там нават фіксуецца прырост насельніцтва (у першую чаргу на Валыні, Закарапацці і Букавіне).

Вось так змянялася насельніцтва ва ўкраінскіх рэгіёнах з 2006 па 2016 год.

Змены ў колькасці насельніцтва рэгіёнаў Украіны.

Балканы і Малдова

Гэтая частка Еўропы таксама зведала значных страт у колькасці чалавечых рэсурсаў.

У Румыніі насельніцтва зменшылася з 23,2 да 19,7 мільёна чалавек. Не дапамаглі гэтай краіне нават мігранты, якія прыехалі ў вялікай колькасці з Малдовы.

У суседняй Малдове сітуацыя яшчэ горшая — падзенне з 4,3 да 3,5 мільёна. Але рэальная лічба яшчэ меншая: перапіс насельніцтва-2014 года налічыў толькі 2,9 мільёна чалавек. З іх больш чым 300 тысяч у момант перапісу знаходзіліся за мяжой. Такім чынам, у момант перапісу ў Малдове знаходзілася толькі каля 2,6 мільёна чалавек.

Няпростая сітуацыя і ў Балгарыі. З 9 мільёнаў насельніцтва зменшылася да 7,1 мільёна.

Страты насельніцтва Румыніі, Малдовы і Балгарыі.

У краінах былой Югаславіі скарачэнне насельніцтва не было такім істотным, а ў Славеніі, Македоніі і Чарнагорыі насельніцтва нават крыху ўзрасло. 

У большасці іншых краін Усходняй Еўропы дэмаграфічная сітуацыя не такая сумная, але назваць яе пазітыўнай таксама цяжка.

Нягледзячы на высокую працоўную міграцыю ў краіны Заходняй Еўропы, насельніцтва Польшчы амаль не скарацілася. Насельніцтва Чэхіі і Славакіі нават крыху ўзрасло. 

А што ў Заходняй Еўропе?

Дзякуючы прыцягненню замежных рэсурсаў (у тым ліку з Усходняй Еўропы), насельніцтва большасці заходнееўрапейскіх краін працягвае расці.

Вось так узрасло насельніцтва Нямеччыны, Францыі і Вялікабрытаніі з 1991 па 2016 год.

Германія: з 80 да 82,7 мільёна (+3,4%).

Францыя: з 58,6 да 66,9 мільёна (+14,2%).

Вялікабрытанія: з 57,4 да 65,6 мільёна (+14,3%).

Уступленне краін Усходняй Еўропы ў ЕС адкрыла перад імі вялікія магчымасці. Але і ў гэты ж час стварыла спрыяльныя ўмовы для вялікага адтоку насельніцтва, якое ў пошуках лепшай долі паехала на захад. Такім чынам,

заможны і шчыльна населены захад Еўропы становіцца яшчэ больш заможным і густанаселеным, а дыспрапорцыі паміж Захадам і Усходам толькі працягваюць узрастаць.

Каб стаць багатай, Беларусі мусова зрабіцца краем, прывабным для пражывання. Дасягнуць гэтага няпроста: трэба павысіць узровень заробкаў і адначасова павышаць камфорт жыцця. Бо проста закрыць межы, як робяць Паўночная Карэя ці Куба, у цяперашняй Еўропе немагчыма.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?