«Наша Ніва» ўжо згадвала пра 75-працэнтныя квоты беларускай музыкі ў эфіры айчынных радыёстанцый, якія нараджалі як якасны прадукт, так і шчыры трэш.
Чытайце: Фіеста на перыферыі. Якія кліпы здымалі беларускія поп-выканаўцы ў 2000-я — шмат ВІДЭА
Цяпер мы сабралі яшчэ 25 відэа тых, хто не трапляў у фармат, чые кліпы складана было пабачыць на дзяржаўным тэлебачанні, а песні — пачуць па радыё. Часцяком іх канцэрты адмяняліся праз «чорныя спісы».
Gods Tower — Civilization
У канцы дзевяностых Gods Tower былі бясспрэчнымі лідарамі мэталёвай сцэны ў Беларусі — іх альбомы выдаваліся еўрапейскімі лэйбламі, а каманду запрашалі на найбуйнейшыя музычныя фестывалі.
Кліп на трэк «Civilization» быў зняты ў 2001 годзе, а праз год гурт распаўся. У 2010-м Gods Tower уз'ядналіся, але альбомаў ад новага складу музыкаў пакуль не было.
Мантана — Маникюры
У аглядзе кліпаў поп-выканаўцаў мы адзначылі два відэа гурта Merry Poppins. Але да эксперыментаў з сінці-попам і вандровак у Японію сёстры Берулавы гралі бадзёры фарматны поп-рок, які актыўна круцілі на радыё і паказвалі на тэлебачанні.
Як і ў выпадку з Gods Tower, Мантана пасля доўгага маўчання таксама вярнулася на сцэну. Запісвае трэкі і здымае кліпы.
Крамбамбуля — Абсэнт
«Абсэнт» быў галоўным хітом «Застольнага альбома», з якога пачалася дыскаграфія «Крамбамбулі» ў 2002 годзе.
Кліп, у якім паспрабавалі ўзнавіць атмасферу даваеннага Парыжа, пратрымаўся ў чарце на БТ цэлых восем месяцаў, што было на той момант рэкордам праграмы.
Крамбамбуля — Люблю
Праз год пасля выхаду «Застольнага альбома», які выйграў у трох намінацыях «Рок-каранацыі», Крамбамбуля запісвае яшчэ адзін культавы альбом «Каралі раёну». У яго запісе бралі ўдзел таксама Сяргей Міхалок і Аляксандр Кулінковіч.
Да запісу песні «Госці» галоўным хітом альбома разглядалася «Люблю». У выніку абедзве песні сталі хітовымі, але «Люблю» так і не сталі сапраўдным беларускім шлягерам.
Стары Ольса — У карчме
Гурт, мэтай якога стала рэканструкцыя музычных традыцый ВКЛ, у гэтым годзе адзначыць сваё 20-годдзе.
«У карчме» — гэта пераклад сярэднявечнай застольнай еўрапейскай песні. А кліп на яе, зняты ў 2003 годзе, паказвае нам тое, як забаўляліся людзі ў 16-м стагоддзі.
ТТ-34 — Джек
Самы пазнавальны трэк яшчэ адной гомельскай метал-каманды. У нулявыя іх трэкі актыўна выкарыстоўваліся як саўндтрэкі ў расійскіх фільмах, але гісторыя гурта так і не стала паспяховай.
Пасля летаргічнага сну ў 12 год ТТ-34 запісалі альбом «Падая И Задыхаясь Добиваешься Единой Цели», але нядаўні канцэрт гамельчукоў у Мінску не адбыўся праз «нізкі мастацкі ўзровень».
Ляпіс Трубяцкой — Сочи
З багатай дыскаграфічнай ды відэаграфічнай спадчыны «Ляпісаў» мы вырашылі дастаць два кліпы, каб прадэманстраваць эвалюцыю творчага шляху легендарнага гурта.
Кліп на песню «Сочи» быў зняты летам 2001 года. Як і па тэксце песні, так і ў відэа Міхалок скрадае прыгажуню і звозіць яе ў сочынскую ноч.
Але тады франтмэн «Ляпісаў» выглядаў зусім не так, якім мы прывыклі яго бачыць сёння. Таму рамантычная гісторыі з выкраданнем дзяўчыны крышачку дысаніруе з вобразам «тоўстага хлопца з гармонікам».
Ляпіс Трубяцкой — Капитал
У красавіку 2007 года ў інтэрнеце з'явіўся аніміраваны кліп на песню «Капітал». У ім Сяргей Міхалок прадстаўлены ў выглядзе шматрукага і шматлікага боства са свінкай-капілкай замест сэрца, якое вандруе па разваленым глабалізацыяй свеце.
Таксама на відэа можна пабачыць палітычных лідараў розных эпох.
Нейра Дзюбель — Жыццё
У 2004 годзе гурт Аляксандра Кулінковіча трапіў у «чорны спіс» праз выступ на апазіцыйным мітынгу.
Тэма забароны становіцца асноўнай у альбоме «Stasi», прэзентацыю якога ў Мінску ў лістападзе 2007 года адмянілі ў апошні момант.
У той жа год «Нейра Дзюбель» зняў кліп на песню «Жыццё», дзе музыкі знятыя ва ўціхамірвальных кашулях і з заклеенымі ртамі. Метафара, здаецца, ясная.
IQ48 — Святло ў цемры
Тэкст на гэтую песню напісаў Міхал Анемпадыстаў. Кліп быў зняты ў 2006 годзе і трансляваўся на польскіх каналах.
IQ48 за сваю нядоўгую музычную дзейнасць шмат паспелі паэксперыментаваць з жанрамі, стаўшы ў дзясятыя нечым кшталту беларускіх Rage Against the Machine, але ў выніку гурт спыніў сваю дзейнасць.
Tav. Mauzer — Беларусь будзе вольнай
Некалі магілёўскі гурт называлі лідарамі новай хвалі беларускага року. За сваё кароткае музычнае жыццё Tav. Mauzer паспеў стаць лаўрэатам некалькіх музычных фестываляў, запісаць два лонгплэі і мноства раз патрапіць у цэнтр увагі.
Музыка «Маўзэраў» адрознівалася моцным сацыяльна-палітычным мэсэджам — музыкі адкрыта казалі пра заганы дзяржаўнай сістэмы і бясконцую хлуслівую прапаганду з боку дзяржаўных тэлеканалаў.
Дзецідзяцей — Не надо
Акцёры Купалаўскага тэатра Ганна Хітрык, Міхаіл Зуй і Дзмітрый Есяневіч збіраліся ў грымёрцы пайграць песні адно аднаго. З гэтага нарадзіліся «Дзецідзяцей», якія праіснавалі пяць гадоў, пасля чаго распаліся на два калектывы: ili-ili ды Sounduk.
Кліп на песню «Не надо» стаў першым у відэаграфіі гурта.
N.R.M. — Менск і Мінск
Кліп быў зняты ў 2007 годзе шведскім рэжысёрам-дакументалістам Томасам Норданстадам.
Мэсэдж песні і кліпа актуальны і па сёння — ёсць дзве рэчаіснасці, у якой існуюць беларусы: забудаваная лядовымі палацамі і якую паказваюць па тэлебачанні супраць той, аб якой людзі мараць і без якой сумуюць.
Серебряная Свадьба — Пилоты
Плюньце таму ў твар, хто будзе казаць, што беларуская музыка — бедная і ў нас няма каго слухаць. У нас былі і ёсць гурты на любы густ: метал, рэгі, этна, ска-панк і нават свой кабарэ-бэнд.
Кліп быў зняты легендарнымі асобамі для беларускай музыкі: Анатолем і Аксанай Вечар.
Partyzone — Смутак
Некалі «Партызоны» першымі паспрабавалі ўскараскацца на новую нямецкую хвалю і граць нешта падобнае да Rammstein.
Складана сказаць, ці атрымалася гэта ў поўнай меры, але ў спадчыну ад гурта засталіся чатыры альбомы і кліп на песню «Смутак».
Тройца — Тры янгалы
Мультыплікацыйны кліп для легендарнага гурта стварыла маладая аніматарка Юлія Рудзіцкая. «Тройца» шукала рэжысёра для кліпа, і прапанаваная Рудзіцкай канцэпцыя вельмі спадабалася музыкам.
Гэта гісторыя пра бясконцае вяртанне чалавечай душы з зямлі на нябёсы і пра немагчымасць забраць з сабой усё нажытае за жыццё.
Відэа выйграла некалькі некалькі міжнародных конкурсаў.
ZET — Калгас
У маніфесце таямнічага гурта, музыкі якога хавалі твары пад маскамі, было сказана, што, «каб пазбегнуць «фармату», гурт ZET будзе выконваць песні ў розных стылях, з рознымі тэкстамі на розных мовах. Імідж будзе пастаянна змяняцца». Трэба, каб ніхто не ведаў, што ў наступны раз зграе і як будзе выглядаць гурт. Гэта робіцца, каб пазбегнуць гарачай любові слухачоў грання аднаго і таго ж цягам дзесяцігоддзяў. Ад скрайніх метал-плыняў да блатняку! Каб не прызвычайваліся».
Але пазнавальны голас Лявона Вольскага было не схаваць.
Naka — Мой герой Т.Б.
Гэты кліп гурта Насты Шпакоўскай станавіўся пераможцам на фестывалі рэдкіх кліпаў. Праз 12 гадоў пасля ягонага выхаду мы здуваем пыл і прэзентуем яго наноў.
Ведаеце, хто такая Таня Буланава?
Без Білета — Мечтатели
Ужо больш за дваццаць гадоў «Без білета» з вечна маладым Віталікам Артыстам радуюць прыхільнікаў сваёй творчасцю. Рэдкі прыклад даўгалецця на беларускай музычнай сцэне.
Праз гурт прайшлі шматлікія вядомыя музыкі: Дзяніс Стурчанка і Дзяніс Шураў гралі ў «Ляпісах» і Brutto, а Алесь-Францішак Мышкевіч з'яўляецца бас-гітарыстам «Крамбамбулі» і франтмэнам Superbullz.
:B:N: — Цягнік
Кліп яшчэ адных доўгажыхароў беларускага року. Сёлета гурту з Бярозы спаўняецца 20 гадоў, і гэтую падзею «Бяз назвы» вырашылі адсвяткаваць незвычайнымі канцэртамі — першы з якіх прайшоў у трамваі.
Адыс Абеба — Дзеці
Неверагодна, але гэта факт: у Беларусі, дзе, здаецца, няма куды пусціць карані жанру рэгі, у розны час існавалі і існуюць вельмі крутыя гурты, што гралі ў гэтым стылі.
«Адыс Абеба», напэўна, найбольш вядомы з іх. Адметна, што першы кліп быў зняты на беларускамоўную песню.
Петля Пристрастия — Дышать и смотреть
10 гадоў таму ў «Петли Пристрастия» выйшаў дэбютны альбом «Всем доволен». Амаль адразу ён быў заўважаны і названы галоўным адкрыццём у рускамоўнай рок-музыцы.
За гэты час гурт запісаў яшчэ чатыры плыткі, прысвечанныя надзённым праблемам звычайнага чалавека, і па сёння застаецца запатрабаваным і збірае поўныя залы.
Лявон Вольскі — Эўравізія
Божа, беражы Вольскага і дай яму доўгага здароўя!
Пяты кліп з удзелам Лявона Артуравіча ў нашай падборцы. На гэты раз — на песню з сольнага альбома «Куплеты і прыпевы», што быў запісаны ў стылістыцы арт-брутал і трэш-шансон.
Дай Дарогу! — Д.С.П.Г.
Асцярожна! У кліпе ёсць нецэнзурная лаянка!
Брэцскія панкі на чале з Юрыем Стыльскім заўсёды былі адметныя сацыяльнай лірыкай пра вечны недахоп грошай, безпрацоўе і пахмурныя жыццёвыя перспектывы.
Гэтаму прысвечаная і песня, кліп на якую вы можаце назіраць. Расшыфроўваць назву мы не будзем, гэта вы ўжо зрабіце самі.
Rockerjoker — Америка
І на дэсерт — мінімалістычнае, але вельмі грунтоўнае відэа гурта, што некалі спяваў пра Саню, што застанецца з намі.
Калі коратка — гэта «прыгожая гісторыя аб любві да жыцця і пагардзе да ілюзорных каштоўнасцяў». У ім жорсткім працэдурам грамадства спажывання падвяргаецца герой кліпа, яно ж яго ў выніку і забівае.
А якія кліпы вы яшчэ можаце прыгадаць?