Што мы слухалі ў сакавіку: найлепшыя альбомы месяца

Аўтар: Піліп Каваленка

Наш традыцыйны топ з найбольш цікавых рэлізаў месяца на гэты раз цалкам складаецца з зорных імёнаў. Хтосьці стабільна радуе прыхільнікаў навінкамі, а хтосьці вярнуўся пасля доўгага маўчання. 

Дапамог сабраць наш топ мабільны дадатак А1 Xplore Music ад Deezer — гэта 73 мільёны песень, тысячы падкастаў і аўдыякніг, а таксама магчымасць слухаць музыку без расходу мабільнага трафіку і афлайн.

Kings of Leon — When You See Yourself

Рок-гуртам, маладосць чыіх удзельнікаў сышла, бывае вельмі складана адпавядаць чаканням фанатаў. Ужо фізічна немагчыма даваць жару, як раней, а эксперыменты не заўсёды канчаюцца паспяхова.

Kings of Leon прызнаюцца, што запісалі самы асабісты альбом і ўпершыню — без аніводнага ўзрушэння. Але ці стала музыка горшай ад таго, што рокеры больш не такія, як раней?

Святаслаў Вакарчук — Оранжерея

Назва трэцяга сольніка лідара гурта «Океан Ельзи» з'яўляецца супрацьпастаўленнем каранціннаму часу, які сам Вакарчук называе «маральнай зімой». Такое цёплае месца, дзе можна пагрэцца і дзе растуць экзатычныя яркія расліны.

Альбом запісаны амаль усім складам ОЕ, але выдадзены як сольны альбом іх лідара. Музыкі гэта тлумачаць тым, што яны сталі закладнікамі стылю свайго гурта і не могуць у ім нічога змяніць, таму дзеля эксперыментаў ахвяруюць сольнай кар'ерай Святаслава Вакарчука.

КИНО — КИНО в Севкабеле

Праз 30 гадоў пасля смерці Віктара Цоя ягоны голас зноў гучыць на канцэртах, а музыканты арыгінальнага складу «Кино» даюць канцэрты пад алічбаваны голас іх франтмэна.

Праўда, пандэмія перашкодзіла грандыёзнаму вяртанню на сцэну і стадыённым канцэртам. Каб паказаць, як гучыць і выглядае новае «Кино», фанаты гурта сабралі больш за $100 тысяч, і музыкі сыгралі канцэрт, выпусціўшы яго як альбом і відэа ў YouTube.

Lana Del Rey — Chemtrails Over The Country Club

На жаночай поп-сцэне цяпер проста фантастычная канкурэнцыя, і кожны новы альбом становіцца нечым кшталту абароны чэмпіёнскага тытулу ў сваёй катэгорыі.

Меланхалічная Лана Дэл Рэй паспяхова ў сакавіку здолела перахапіць ініцыятыву ў свае рукі, стаўшы на адну прыступку з той жа Тэйлар Свіфт, а можа, нават і крыху вышэй.

Jay-Jay Johanson — Rorschach Test

Jay-Jay Johanson рыхтаваўся прэзентаваць новы рэліз эксклюзіўна ў рамках сусветнага турнэ, але пандэмія гэтаму не спрыяе.

Галоўнай крыніцай натхнення шведскага музыканта ўжо доўгі час з'яўляецца ягоны дзённік, а ў многіх песнях можна адсачыць яго асабістую гісторыю.

UNKLE — Rōnin I

Новы праект Джэймса Лавэля ўяўляе сабой зборнік пераасэнсаваных ранейшых хітоў разам са знакамітымі сябрамі электроншчыка.

«Я хацеў вярнуцца да песень з альбома «The Road» і стварыць некалькі клубных версій, якія адлюстроўвалі б бягучы настрой у больш аптымістычным і радасным ключы. Большая частка песень была запісаная да COVID-19, у цяжкія, незразумелыя і палітычна неспакойныя часы. Пандэмія толькі згусціла фарбы, так што я адчуваю, што песні ўсё яшчэ дарэчныя, і сённяшні дзень дае ім другое дыханне», — так пракаментаваў сваю працу сам Лавэль.

El Michels Affair — Yeti Season

Слынны фанк-гурт Леона Міхельса прысвяціў новы альбом усходняму груву. Кампазіцыі прасякнутыя духам вінтажных індыйскіх і турэцкіх фільмаў, а вокладкай альбома стаў плакат да балівудскага фільма 1994 года «Цуд прыроды».

Музыканты віртуозна адаптавалі амерыканскі фанк і соўл да экзотыкі. Атрымаўся выдатны эксперымент.

Evanescence — The Bitter Truth

Сустракайце першы за 10 гадоў лонгплэй культавага калектыву, які вяртае нам наш 2007 год. 

Эмі Лі прызналася, што пры стварэнні альбома яна натхнялася ў тым ліку і Білі Айліш: яе змрочны стыль і шчырасць падабаюцца салістцы Evanescence. У астатнім на новым альбоме гурт хацеў сыграць «ва ўсю моц» і даць слухачам як мага больш гітарных рыфаў, па якіх яны маглі за 10 гадоў ссумавацца.

Floating Points, Pharoah Sanders & The London Symphony Orchestra — Promises

Гэта тое, што называюць сучаснай класікай.

Англійскі электронны музыкант Сэм Шэферэд (Floating Points), легендарны саксафаніст Фэраа Сандэрс і Лонданскі сімфанічны аркестр пяць гадоў запісвалі 46-хвілінную п'есу, дзе ёсць месца ўсяму: джазу, электроніцы і сімфанічнаму маштабу.

Чытаць таксама:

Што мы слухалі зімой: 20 найбольш цікавых музычных навінак сезона

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?