БЕЛ Ł РУС

Хроніка

30.09.2005 / 13:0

Nashaniva.com

22 верасьня Андрэй Клімаў, асуджаны за арганізацыю акцыі пратэсту на Дзень Волі, выправіўся ў Крупкі на «хімію».

Галадоўкі

Ад 20 верасьня ў Берасьці галадаюць уладальнікі маршрутных таксовак: ад іх патрабуюць плаціць у бюджэт ад 20 да 50 млн руб. з кожнай машыны за выкарыстаньне ў камэрцыйных мэтах. Збор усталяваны прэзыдэнцкім указам №140, выдадзеным у красавіку, але падатковая спаганяе і з тых, хто ўвёз аўтамабілі раней. Акцыю распачалі Любоў Разановіч і Любоў Лаўруковіч. Радыё «Свабода» паведамляе, што галадаюць шэсьць чалавек. 23 верасьня Вышэйшы гаспадарчы суд прыпыніў санкцыі ў дачыненьні да берасьцейскіх прадпрымальнікаў.

У Ваўкавыску 23 верасьня пачала галадоўку Натальля Няборская: ад яе патрабуюць заплаціць 6,5 млн руб. за набыцьцё кватэры, бо ня здолела прад’явіць дэклярацыю пра падаткі за некалькі гадоў. Жанчына працавала ў Запаляр’і, адкуль прыйшоў адказ: дакумэнты, што датычаць працоўнай дзейнасьці, згарэлі. Суд над Няборскай адбыўся ў Ваўкавыску безь яе прысутнасьці.

Марыніча не выпускаюць

Камісія менскай калёніі №1 па пытаньнях умоўна-датэрміновага вызваленьня 22 верасьня зноў адмовіла Міхаілу Марынічу ў датэрміновым вызваленьні.

Затрымалі Жаляпава

Аўтамабіль актывіста ПБНФ Хрыстафора Жаляпава затрымалі 20 верасьня на дарозе Віцебск—Наваполацак празь незарэгістраваны бюлетэнь «Навіны БНФ», а таксама ўлёткі апазыцыі. У пратаколе міліцыянты пазначылі, што выданьні ня мелі выходных зьвестак.

Быкаў скардзіцца ў пракуратуру

Старшыня Свабоднага прафсаюзу Беларускага Генадзь Быкаў 22 верасьня зьвярнуўся да пракурора Партызанскага раёну Менску Ўладзімера Раманоўскага. Ён патрабуе распачаць крымінальную справу ў дачыненьні да кіраўніцтва Менскага заводу аўтаматычных ліній, якое незаконна не пускае Быкава на прадпрыемства й перашкаджае дзейнасьці прафсаюзу.

Позва Лябедзьку

22 верасьня кіраўнік АГП Анатоль Лябедзька атрымаў позву ў баранавіцкі суд як «прыцягваны». Ён зьвязвае гэта з правядзеньнем у Баранавічах раённага сходу дэмакратычных сілаў.

Штраф за набажэнства

Адміністратара царквы «Новае жыцьцё» Васіля Юрэвіча 23 верасьня Маскоўскі суд Менску аштрафаваў на 160 базавых велічыняў (4 млн 80 тыс.) за парушэньне парадку набажэнства.

Ператрусы ў Віцебску

Міліцыя і КДБ 24 верасьня правялі ператрусы ў кватэрах віцебскіх апазыцыянэраў — «зуброўца» Андрэя Вушэнкі, «маладафронтаўцаў» Віктара Шляхціна і Алены Стук, актывіста АГП Дзяніса Давыдава, сябра моладзевай суполкі «Сёмая грань» Сьцяпана Цішуціна. Хаця нагодай былі вышуковыя дзеяньні пасьля выбуху, у маладых людзей канфіскавалі ўлёткі, газэты, нацыянальную сымболіку, інфармацыйныя носьбіты. Да А.Стук зь ператрусам прыйшлі а палове на другую ночы. У Дз.Давыдава канфіскавалі сярод іншага аркушы з подпісамі за наданьне імя Васіля Быкава адной з вуліц Віцебску.

Халіп папярэдзілі

Журналістка Ірына Халіп 26 верасьня атрымала афіцыйнае папярэджаньне ад намесьніка генпракурора Мікалая Купрыянава за артыкул «Час выкідаць граблі» ў «Новой газете», апублікаваны ў жніўні. Пракуратура ўбачыла ў артыкуле «прыметы заклікаў да дэстабілізацыі грамадзкага парадку і зьмены канстытуцыйнага ладу неправавымі сродкамі». За паўторнае парушэньне яе могуць пазбавіць волі на тэрмін да пяці гадоў.

Яшчэ адна расейская школа

З пачатку навучальнага году ў беларускамоўнай Вуцеўскай сярэдняй школе Добрускага раёну першаклясьнікаў пачалі навучаць па-расейску. Дагэтуль у раёне заставаліся толькі дзьве школы зь беларускай мовай навучэньня.

АШ

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула