БЕЛ Ł РУС

Магілёў вяртае ратушу

30.09.2005 / 13:0

Nashaniva.com

Магілёўскія ўлады адновяць сымбаль самакіраваньня. Прычым гаворка не пра рэстаўрацыю, а пра адбудову «з нуля».

Пасьля наданьня ў 1588 г. Магдэбурскага права ў Магілёве сталі зьяўляцца драўляныя ратушы. Але яны рэдка перажывалі больш за адну вайну. Закладзеная 4 верасьня 1679 г. мураваная ратуша адразу зрабілася сымбалем гораду, увасабленьнем гарадзкой вольнасьці. Некалькімі гадамі раней менавіта з будынку ратушы 1 лютага 1661 г. выскачыў зь мячом у руках гарадзкі войт Левановіч — і пачалося паўстаньне супраць маскоўскага гарнізону. Памяць пра паўстаньне засталася ў гербе гораду. Зьнішчыць цагляную кладку ратушы ня здолелі бомбы Другой сусьветнай. Старыя прыгадваюць, што нямецкі снайпэр, засеўшы ў вежы ратушы, доўга стрымліваў наступ чырвонаармейцаў. Снайпэра зьнялі снарадам з гаўбіцы.

На паваенных здымках ратуша, вышчарбленая ня горш за Холмскую браму Берасьцейскай крэпасьці, засталася цэлая. За савецкім часам будуць пісаць, што ратуша была «зьнішчана нямецка-фашысцкімі акупантамі». Насамрэч загад аб яе разбурэньні прыйшоў у 1957 г.

Гэта быў апошні з загадаў, паводле якіх разбураліся магілёўскія сьвятыні — Васкрасенская царква, Язэпаўскі сабор… З разбурэньнем апошняга зьвязана цікавая гісторыя. Тэлеграма з Масквы аб яго зьнішчэньні ў 1937 г. была мясцовымі ўладамі прынята да выкананьня адразу. Аднак у храме зачыніўся дырэктар абласнога музэю Іван Мігулін (той самы, замяшаны ў справе зьнікненьня крыжа Эўфрасіньні Полацкай), не дазваляючы ўзрываць будынак. Мігуліна выцягнулі сілком, аднак ад расстрэлу яго выратавала тэлеграма, якая прыйшла з Масквы на наступны дзень пасьля разбурэньня храму: «Сабору не ўзрываць».

Ратушу ў 1957 г. узрывалі двойчы. І двойчы сьцены трывалі, толькі пыл падняўся. Тады зруйнавалі бульдозэрамі.

У пляніроўку сучаснай Савецкай плошчы — былой Гандлёвай — ратуша цяжка ўпісваецца. Яна не стварае супольнай фасаднай лініі зь іншымі дамамі, цяжка суадносіцца з манумэнтальнымі помнікамі барацьбітам за савецкую ўладу. Аднак у справе адраджэньня гістарычнай памяці гэта — дробязі.

Задумвацца трэба не пра слушнасьць разьмяшчэньня ратушы, кажуць архітэктары, а пра слушнасьць знаходжаньня вакол яе ўсяго астатняга, савецкага.

Рашэньне прынятае — ратуша будзе стаяць толькі на сваім месцы і толькі ў ранейшым выглядзе. У праекце, створаным Цэнтрам па рэгенэрацыі гісторыка-культурных каштоўнасьцяў, першапачатковы выгляд ратушы адноўлены цалкам — па старых фатаздымках, па дарэвалюцыйных чарцяжах.

Што разьмесьціцца ў будынку, пакуль ня вырашана. Хутчэй за ўсё, грамадзкая прыёмная старшыні гарвыканкаму ці музэй гісторыі гораду.

Мураваная ратуша ў Магілёве была закладзеная 4 верасьня 1679 г. Зь яе дзьвярэй 1 лютага 1661 г. выйшаў зь мячом у руках гарадзкі войт Левановіч — і пачалося паўстаньне супраць маскоўскага гарнізону. Ратушу не зруйнавалі бомбы Другой сусьветнай. У 1957 г. яе узрывалі двойчы. Урэшце зруйнавалі бульдозэрамі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула