БЕЛ Ł РУС

Як вы ставіцеся да закліку Фядуты?

30.09.2005 / 13:0

Nashaniva.com

Аляксандар Фядута заклікаў лідэраў «дзясяткі» сысьці ў адстаўку, калі адзіны кандыдат не атрымае перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах. Як ставяцца да гэтага звароту стваральнікі і аналітыкі беларускага палітычнага кантэксту?

Віктар Карняенка, кіраўнік выбарчага штабу А.Мілінкевіча:

Неадназначна стаўлюся. Калі няздольны – трэба саступіць дарогу. Але паўстае пытаньне – каму? На жаль, у дэмакратычным асяродзьдзі не назіраецца штурханіны лакцямі ў імкненьні да палітычнага алімпу. Падзяляць адказнасьць трэба, але пытаньне ня мусіць ставіцца рубам. Кожная палітычная партыя павінна будзе ацаніць унёсак сваіх лідэраў самастойна.

Уладзімер Парфяновіч, трохалімпійскі чэмпіён і бізнэсовец:

Спадар Фядута мае рацыю, але ня цалкам. Яны абавязаныя пайсьці ў адстаўку не пасьля выбараў, а да іх. А што яны зрабілі? Нічога ня зроблена. У гэтых палітычных лідэраў задача пакінуць свае партыі дзеяздольнымі, а не перамагчы ў выбарах.

Сяргей Панькоўскі, рэдактар сайту «Наша думка»:

Хацелася б верыць, што гэта не рытарычны ход, і ён сапраўды абумоўлены клопатам А.Фядуты пра стан дэмакратычнага руху. Я ня ўпэўнены, што зварот А.Фядуты будзе мець практычныя наступствы, але гэта чарговы сыгнал. Трэба пераасэнсаваць некаторыя стратэгічныя канцэптуальныя падыходы, зьвязаныя зь месцам апазыцыі ў нашым грамадзтве. Адна справа – апазыцыя ў нармальнай палітычнай сыстэме, і іншая – апазыцыя ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму, які хутка эвалюцыянуе ў бок таталітарызму. Апазыцыя існуе напаўпадпольна, і гэта вымагае канцэпцыяў і стратэгіяў, адрозных ад тых, якія існавалі год таму.

Юры Хашчавацкі, кінарэжысэр:

Я стаўлюся... ніяк. Безумоўна патрэбная сьвежая кроў. Але вінаваціць сёньняшніх лідэраў у слабасьці нячэсна. Таксама я магу абвінаваціць недзяржаўную прэсу ў тым, што яна слабая і не даходзіць да кожнай вёскі. Усе дзейнічаюць у складаных умовах. Замест таго каб лаяцца, трэба навучыцца працаваць кампрамісна.

Лявон Баршчэўскі, старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру:

З гумарам стаўлюся. Дысыдэнты ў адстаўку не ідуць. А нашы ўсе палітычныя лідэры – дысыдэнты, бо яны ня маюць магчымасьці ўдзельнічаць у сыстэмнай палітыцы. Дысыдэнты ёсьць проста харызматычнымі асобамі і прадстаўнікамі пэўнай сыстэмы поглядаў. Яны, хутчэй, сымбалічныя асобы, чым рэальныя. Я ня бачу натоўпу прэтэндэнтаў на іх месца, бо сёньня займацца палітыкай небясьпечна і цяжка. Палітыкаў трэба шанаваць, нялёгкі гэта хлеб.

Апытваў Алесь Кудрыцкі

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула