БЕЛ Ł РУС

Беларусы ў Camp Rising Sun

30.09.2005 / 13:0

Nashaniva.com

Упершыню за 75 год існаваньня міжнароднага летніку «Camp Rising Sun», заснаванага ў ЗША, на зьезьдзе былых удзельнікаў прысутнічала дэлегацыя Беларусі.

У аснове «летніку ўзыходзячага сонца» ляжаць ідэі роўнасьці ды братэрства. Лягер узьнік дзякуючы намаганьням аднаго эксцэнтрычнага бізнэсмэна. Ягоная мэта — выхаваньне маладых лідэраў, здольных успрымаць новыя ідэі і ў будучыні актыўна дзейнічаць на карысьць чалавецтва. Апошнім часам адбор кандыдатаў адбываецца дзякуючы Інтэрнэту, на сайт якога прэтэндэнты дасылаюць заявы. Таму партрэт клясычнага летнікаўца намаляваць цяжка. Гэта можа быць вірлавокая спэцыялістка па ядзернай энэргетыцы зь берагоў Нілу, панк-рок-музыкант і абаронца людзей зь нестандартнай сэксуальнай арыентацыяй зь Фінляндыі або аматар бэйсболу ды опэрных сьпеваў з Бронксу. «Усе тут крыху вар’яты, нармалёвых людзей у летнік не выбіраюць», — адзначыла праціўніца аэробікі ды прыхільніца піўнога нацыяналізму з польскага Жыўца.

Удзельнікі летніку бавяць два месяцы ў намётах у лесе пад Нью-Ёркам ці ў дамках у Даніі ды практычна спасьцігаюць ідэі дэмакратыі і роўнасьці. Частка летнікаўцаў цалкам аплачвае незвычайныя вакацыі, большасьць марнуе грошы спонсараў. Забаронена выкарыстаньне рэчаў, што дэманаструюць сацыяльную няроўнасьць (прайгравальнікаў кампакт-дыскаў, мабільных тэлефонаў).

Важатыя і дзеці клічуць адзін аднаго па імені ды разам працуюць на карысьць супольнасьці: сякуць дровы ды выкідаюць брудную паперу з прыбіральняў. Паралельна абмяркоўваюцца праблемы экалёгіі ды парушэньні правоў чалавека. Не абыходзіцца бязь песень ля вогнішча, танцаў, пэрформансаў, жартаў ды гульняў.

Зьезд удзельнікаў летніку праходзіў гэтым разам на турыстычнай базе Яхранка пад Варшавай. Наймаладзейшай удзельніцы было год шэсьць, найстарэйшаму ўдзельніку — шэсьцьдзесят. Цешыла тое, што дэлегацыя зь Беларусі ў складзе пяці чалавек была ў пяць разоў большай, чымсьці з Ісьляндыі. Упершыню ў гісторыі летніку пераважылі ўдзельніцы жаночага полу.

Тры дні прадстаўнікі розных народаў ставілі базу на вушы. Беларуская дэлегацыя бліснула сьпевам «Купалінкі» ля вогнішча. Большасьць славянскіх народаў успрыняла 75 адсоткаў інфармацыі, астатніх заваражыў матыў ды выкананьне на некалькі галасоў.

Апрача шуканьня спонсараў, абмяркоўваўся новы праект стварэньня летніку ў Кітаі, які з прычыны нелюбові кітайцаў да салярнае сымболікі ня будзе насіць назову «летніку ўзыходзячага сонца». Мажліва, наступныя беларускія летнікаўцы будуць вяртацца дамоў не зь яблыкамі зь Нью-Ёрку, а з рысам з Пэкіну.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула