БЕЛ Ł РУС

У Мінску ўпершыню пройдзе фестываль моваў

28.03.2013 / 9:32

Першы Мінскі фестываль моваў пройдзе 31 сакавіка на філалагічным факультэце БДУ.

Як паведаміў кіраўнік фестывалю Антон Сомін, у праграме мерапрыемства ўжо запланаваныя прэзентацыі 35 моваў, але іх колькасць можа павялічыцца.

Кожная прэзентацыя ўяўляе сабой 40-хвіліннуюміні-лекцыю, падчас якой эксперты раскажуць пра фанетычныя, граматычныя і іншыя асаблівасці той ці іншай мовы.

Так, на фестывалі будуць прадстаўленыя еўрапейскія мовы: як папулярныя англійская, нямецкая, французская, гэтак і менш распаўсюджаныя нарвежская, фінская, ірландская; блок славянскіх моў: украінская, польская, чэшская, балгарская; асноўныя ўсходнія мовы: кітайская, карэйская, японская, арабская; мёртвыя мовы — старажытнагрэчаская, лацінская; і нават штучная мова эсперанта.

Апрача таго, на фестывалі будзе прадстаўлена вельмі рэдкая мова яурэ, на якой размаўляюць усяго 25 тыс. чалавек у Кот-д’Івуары. Руская і беларуская мовы на фестывалі прэзентаваныя не будуць.

Падчас фестывалю адбудзецца таксама пяць міні-лекцый, прысвечаных канкрэтным пытанням лінгвістыкі, напрыклад фарміраванню беларускай навуковай тэрміналогіі ў 1920-я гады або паходжанню і развіццю моваў у цэлым.

Апрача таго, падчас фестывалю пройдзе мерапрыемства «іншага фармату» — гульня «Капялюш» на англійскай мове.

Усе лекцыі на фестывалі будуць разбітыя на шэсць паралеляў, і, адпаведна, у адной паралелі слухач можа выбраць і наведаць толькі адну лекцыю. Больш падрабязна са спісам тэм можна азнаёміцца на сайце фестывалю — minsklingfest.by.

«У нас нічога такога раней не было. І мне здаецца, людзям гэта будзе цікава.
Звычайна веды пра мовы абмяжоўваюцца вузкім колам англійскай, французскай, нямецкай, а зараз з’явілася магчымасць даведацца, што ў свеце ёсць столькі зусім не падобных адна да адной моваў», — кажа Антон Сомін.

Паводле яго слоў, фестываль разглядаецца ў тым ліку як мерапрыемства прафарыентацыі для школьнікаў. «Многія з тых моваў, якія мы прэзентуем, вывучаюцца на філалагічным факультэце і факультэце міжнародных адносінаў БДУ, у МДЛУ, таму школьнікі на фестывалі змогуць зразумець, якую мову яны хацелі б вывучаць», — патлумачыў Сомін.

Уваход на першы Мінскі фестываль моваў будзе вольным, папярэдняя рэгістрацыя не патрэбная. На фестываль можна прыйсці ў любы час, але варта ўлічваць, што на адкрыцці (11.00) кожны прэзентатар правядзе кароткі анонс сваёй лекцыі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула