БЕЛ Ł РУС

Банк развіцця Беларусі атрымаў 1,5 трлн. рублёў прыбытку

28.03.2013 / 9:33

Банк развіцця Беларусі па выніках дзейнасці за 2012 год атрымаў 1 трлн. 560,4 млрд. рублёў прыбытку, які значна перавышае памер прыбытку 2011 года (33,4 млрд. рублёў).
Пра гэта паведамілі ў банку па выніках агульнага сходу акцыянераў, які адбыўся на мінулым тыдні пад кіраўніцтвам старшыні Назіральнага савета банка, прэм’ер-міністра Міхаіла Мясніковіча.

На пасяджэнні зазначалася, што мінулы год стаў першым поўным годам дзейнасці Банка развіцця. Асноўная частка прыбытку атрымана за кошт актыўных фінансавых аперацый, у тым ліку па крэдытаванні дзяржпраграм.

Разглядаючы вынікі працы, Мясніковіч зазначыў, што за непрацяглы перыяд дзейнасці Банку развіцця ўдалося атрымаць неблагі вынік: па актывах банк заняў чацвёртае месца па банкаўскай сістэме, інвестыцыйным карпаратыўным партфелі — пятае месца.

Таксама кіраўнік урада звярнуў увагу, што Банк развіцця гэта не проста банк. Гэта фінансавы інструмент урада, які скіраваны на вырашэнне складаных задач у эканоміцы: і па мадэрнізацыі арганізацый рэальнага сектара эканомікі, і па рэалізацыі мэтавых праграм у 2013 годзе.

Мясніковіч акцэнтаваў увагу на прыбытку банка і заявіў, што «прыбытак — гэта не асноўны паказчык Банка развіцця».
«Банк развіцця — гэта інстытут развіцця краіны, і яго прыбытак павінен разглядацца як крыніца фарміравання рэсурснай базы для крэдытавання дзяржаўнай праграм», — сказаў прэм’ер.

Сфарміраваны ў 2012 годзе прыбытак дазволіў забяспечыць паказчыкі банка: рэнтабельнасць дзейнасці склала 19%, рэнтабельнасць актываў — 8,3%, рэнтабельнасць капіталу — 33,9%. Эфектыўнасць працы банка ў 2012 годзе значна перавышала сярэднія паказчыкі працы банкаўскай сістэмы.

За 2012 год Банкам развіцця забяспечаны рост асноўных паказчыкаў дзейнасці: рэсурснай базы — на 161%; аб’ёму прыцягнутых рэсурсаў — 133%; крэдытнага партфеля — у 4,8 разу.

Рэсурсная база Банка развіцця за 2012 год павялічылася на 9,8 трлн. рублёў і склала 25,7 трлн. рублёў.

Практычна палова прыросту рэсурснай базы была забяспечаная за кошт уласных сродкаў. На канец 2012 года іх аб’ём склаў 4,6 трлн. рублёў (17,9% у структуры пасіваў). Асноўны прырост забяспечаны за кошт павелічэння статутнага фонду (3 трлн. рублёў) і прыбытку 2012 года (1,6 трлн. рублёў).

Крэдытны партфель Банка развіцця на 1 студзеня 2013 года склаў 10,2 трлн. рублёў.

Банк развіцця абслугоўвае 817 крэдытных дагавораў з кліентамі, у тым ліку за год заключана 66 дагавораў па новым крэдытаванні на агульную суму 3,1 трлн. рублёў.

У снежні 2012 года Банкам развіцця набытыя актывы банкаў на 5,7 трлн. рублёў у адпаведнасці з указам прэзідэнта ад 29 снежня № 575 «Аб некаторых пытаннях набыцця ў 2012–2013 гадах актываў банкаў ААТ «Банк развіцця Рэспублікі Беларусь».

ААТ «Банк развіцця Рэспублікі Беларусь» створана ў адпаведнасці з указам прэзідэнта ад 21 чэрвеня 2011 года. Асноўнай мэтай Банка развіцця з’яўляецца развіццё сістэмы фінансавання дзяржаўных праграм і сацыяльна значных інвестыцыйных праектаў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула