БЕЛ Ł РУС

Падрыхтаваны праект указа аб будаўніцтве БелБіягорада

17.04.2013 / 10:19

З дапамогай будаўніцтва БелБіягорада беларускія ўлады збіраюцца стварыць да 2020 года шматфункцыянальны нанабіяфармацэўтычны кластар, які зможа на роўных канкураваць з галоўнымі сусветнымі вытворцамі.

Праект Указа прэзідэнта «Аб Нацыянальным навукова-тэхналагічным парку БелБіягорад» распрацаваны з мэтамі выканання п.114 Мерапрыемстваў па рэалізацыі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2011–2015 гады.

Як адзначаюць распрацоўшчыкі праекта, выбар перспектыўных напрамкаў дзейнасці БелБіягорада абумоўліваецца значнай ёмістасцю сусветнага рынку фармацэўтычнай, бія- і нанатэхналагічнай прадукцыі, а таксама наяўнасцю пэўнага навукова-тэхнічнага, вытворчага і кадравага патэнцыялу ў Беларусі.

Так, паводле ацэнак міжнародных экспертаў, сусветны рынак фармацэўтычнай прадукцыі ў 2012 годзе склаў каля 1,013 трлн даляраў, пры гэтым прагназуецца дынаміка яго росту ў памеры 5% штогод, што дасць магчымасць выйсці да 2016 года на аб’ём 1,173 трлн даляраў.

Сусветны рынак біятэхналагічнай прадукцыі цяпер ацэньваецца ў 400 млн даляраў у год. Найбольшая яго доля прыпадае на ЗША (42%), краіны ЕС (22%), Кітай (10%), Індыя (2%). Доля Расійскай Федэрацыі складае каля 0,4%. Беларусь мае менш за 0,02%.

На думку аўтараў праекта, у Беларусі ёсць пэўны навукова-тэхнічны, вытворчы і кадравы патэнцыял для развіцця сектара фармацэўтычнай, нана- і біятэхналагічнай індустрыі. Таму мы можам мець значна большы кавалак ад гэтага пірага.

Між тым у дзяржавы сёння недастаткова фінансавых, арганізацыйных і інтэлектуальных рэсурсаў, неабходных для фінансавання ўсяго комплексу работ па фармаванні новых галін (высокатэхналагічных відаў эканамічнай дзейнасці), як гэта было магчыма ў перыяд існавання Савецкага Саюза. Разам з тым, недастатковая айчынная база перспектыўных даследаванняў і распрацовак не дазваляе забяспечыць стварэнне і вывад на ўнутраны і замежны рынак значных аб’ёмаў канкурэнтаздольных тавараў і паслуг.

Сусветны досвед сведчыць, што фармаванне і развіццё высокатэхналагічнага сектара ў цяперашніх умовах магчымае з дапамогай стварэння спецыялізаванага «інстытута развіцця» высокатэхналагічнага сектара
— упаўнаважанай дзяржавай структуры (арганізацыі), якая мае адпаведныя арганізацыйныя, фінансавыя і інтэлектуальныя рэсурсы. Менавіта таму ў Беларусі хочуць стварыць БелБіягорад. Ён будзе выступаць як «інстытут развіцця» ў Беларусі фармацэўтычнай, нана- і біятэхналагічнай індустрыі, мікра- і нанасістэмнай тэхнікі з мэтай наступнага фармавання на гэтай аснове да 2020 года нацыянальнага нанабіяфармацэўтычнага кластара.

Згодна з праектам указа прэзідэнта, упаўнаважанай арганізацыяй, адказнай за развіццё БелБіягорада, стане Нацыянальная акадэмія навук Беларусі.

Непасрэднае кіраванне БелБіягорадам будзе ажыццяўляць ДУ «Адміністрацыя БелБіягорада».

Кіроўнай кампаніяй стане створаны ЗАТ «БелБіягорадСэрвіс», заснавальнікамі якога выступяць НАН Беларусі, Мінгарвыканкам, ГУ «Адміністрацыя БелБіягорада», СЗАТ «Кампанія па развіцці індустрыяльнага парку», а таксама іншыя юрыдычныя асобы.

ЗАТ «БелБіягорадСэрвіс» будзе забяспечваць распрацоўку генеральнага плана БелБіягорада, праектаванне, будаўніцтва прадугледжаных генеральным планам БелБіягорада аб’ектаў, уключаючы аб’екты інфраструктуры, прыцягненне рэзідэнтаў і інвестараў БелБіягорада сумесна з ДУ «Адміністрацыя БелБіягорада», кіраванне аб’ектамі БелБіягорада, развіццё інфраструктуры.

Індустрыяльная зона БелБіягорада размесціцца на тэрыторыі Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парку, а адміністрацыя і кіраўніцтва будуць знаходзіцца ў межах Мінска, каля МКАД.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула