Брынцалава выгналі з нафтавага рынку Беларусі
Скандальна вядомага расійскага алігарха пазбавілі магчымасці займацца нафтавым бізнэсам у Беларусі.
У абноўленым на мінулым тыдні «Белнафтахімам» рэестры ўладальнікаў ліцэнзій на аптовы гандаль нафтапрадуктамі не значыцца «МСП-ойл», што належыць Уладзіміру Брынцалаву.
Да ўвядзення Расіяй экспартнай пошліны ў 2007 годзе «МСП-ойл» грала прыкметную ролю ў пастаўках расійскай нафты на беларускія НПЗ. На думку экспертаў, згортванне нафтавага бізнэсу Брынцалавым можа быць абумоўленае новымі правіламі паставак расійскай нафты на перапрацоўку ў Беларусь. З нядаўніх часоў яе кантралюе некалькі буйных кампаній: «Газпрамнафта», «Лукойл», «Раснафта», «Сургутнафтагаз», «ТНК-ВР» і іх партнёры ў Беларусі. Не звязаныя з расійскімі гігантамі трэйдары сыходзяць з рынку. Акрамя «МСП-ойл» спынілі дзейнасць кампаніі «Лутэк» і «МІРАЛЕКС», якія былі некалі буйнымі пастаўшчыкамі паліўных рэсурсаў. Прычым па «МІРАЛЕКС» распачатая справа аб банкруцтве.
Адзначым, што «МСП-ойл» фігуруе ў інвестыцыйнай дамове, якую Уладзімір Брынцалаў заключыў з беларускай дзяржавай у 2010 годзе для рэалізацыі інвестыцыйнага праекта на УП «Дыялек». Па ўказе кіраўніка Беларусі Брынцалаў атрымаў УП «Дыялек» як маёмасны комплекс для стварэння на яго базе вытворчасці новых лекавых прэпаратаў. Паводле першапачатковых планаў завод павінныя былі пабудаваць да 2015 года. Брынцалаўская кампанія «Ферэйн» планавала ўкласці ў яго каля 40 млн даляраў, і пачаць выпуск да 400 найменняў лекавых прэпаратаў. Беларуская дзяржава рабілася ўласнікам 25%+1 акцыя «Ферэйна».
Яшчэ адзін праект расійскі бізнэсовец пачынаў у Бараўлянах. Яго ААТ «Медыка-біялагічная лабараторыя «Ферэйн» займаецца там клетачнымі тэхналогіямі.
Як лічаць эксперты, страта нафтавага бізнэсу Брынцалава можа адбіцца на яго фармацэўтычных праектах у Беларусі, бо яны ў немалой ступені фінансаваліся менавіта за кошт даходаў ад продажу паліва.
Дарэчы, апошнім часам практычна не згадваецца пра тое, як развіваюцца гэтыя праекты.
Расійскі бізнэс Брынцалава цягам апошніх гадоў скаланаюць скандалы.
У канцы мінулага года ў расійскіх СМІ з’явілася інфармацыя, што ён гатовы прадаць свой бізнэс дзяржаве «з дысконтам». У Брынцалава цяпер дзве вытворчыя пляцоўкі: у Маскве і падмаскоўным Электрагорску. Маскоўскую пляцоўку ён хоча вызваліць пад будаўніцтва гатэля.
У СМІ сцвярджаецца, што перамовы аб продажы сваіх расійскіх фармацэўтычных актываў Брынцалаў вёў з АФК «Сістэма» і «Біятэк». Але яны не ўвянчаліся поспехам праз скандальную рэпутацыю бізнэсу, абвінавачанага ў кантрафактнай вытворчасці лекаў, і праз падзенне яго долі на рынку.
Чытайце таксама:
Каментары да артыкула