Журналістку Вольгу Чайчыц папярэдзілі
Журналістка Вольга Чайчыц атрымала пісьмовае папярэджанне ад пракуратуры Смалявіцкага раёна за супрацоўніцтва з тэлеканалам «Белсат».
Напярэдадні карэспандэнты тэлеканалу «Белсат» Вольга Чайчыц і Алесь Сіліч атрымалі позвы з патрабаваннем з’явіцца ў Смалявіцкую раённую пракуратуру, каб даць тлумачэнні.
Выклік у пракуратуру быў звязаны з прысутнасцю журналістаў на грамадскім абмеркаванні праекта Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку пад Смалявічамі. Тады прысутны на абмеркаванні супрацоўнік міліцыі перапісаў пашпартныя дадзеныя журналістаў і паабяцаў «разабрацца».
Сёння ж у пракуратуры Вользе Чайчыц задалі толькі адно пытанне -- пра яе супрацу з «Белсатам». Пасля адмовы журналісткі адказваць ёй вынеслі пісьмовае папярэджанне за працу без акрэдытацыі.
З вынесеным папярэджаннем Вольга Чайчыц катэгарычна не згодная і збіраецца яго абскарджваць.