БЕЛ Ł РУС

Скандынаўскія «жахі»

20.06.2013 / 0:48

Настасся Храловіч

Людміла Ульяшына — у сярэдзіне 90-х гэтае імя гучала ў беларускіх СМІ. Людміла была адной з самых вядомых мінскіх адвакатак. Сярод яе кліентаў была, напрыклад, арыштаваная кіраўніца Нацбанка Тамара Віннікава.

Жыццё павярнулася так, што Людміла выехала ў Нарвегію. Яе муж — навуковец-фізік, займаецца нанатэхналогіямі. Яму прапанавалі цікавую працу ў Осла.

Людміла і ў Нарвегіі не згубілася, працуе па спецыяльнасці — у Доме правоў чалавека. А звярнуцца да яе мы вырашылі вось па якой справе.

Апошнім часам у медыяпрасторы пачало з'яўляцца шмат матэрыялаў на тэму «Жахі сучаснай Еўропы». У гэтых матэрыялах, што запоўнілі беларускія і расійскія дзяржаўныя СМІ, падрабязна распісваецца, як дрэнна жывецца на Захадзе, асабліва ў краінах, што адстойваюць правы чалавека ва ўсім свеце, кшталту Швецыі ды Нарвегіі.

Не так даўно адна расейская жанчына выклала ў сеціва гнеўны допіс. Яна развялася з гарачым скандынаўскім мужчынам, але канфліктавала з ім і пасля раз’езду. У выніку органы апекі забралі ў іх дзіця.

Абураная мама дае жару: дзяцей у садках не кормяць, у школе вучаць абы-як, узровень адукацыі нізкі, ювенальная юстыцыя шалее. І наогул, маўляў, заходняе грамадства дэградуе.

Больш за тое, пасля разводу яе нарвежскі муж, выкарыстоўваючы права бацькі бачыцца са сваім сынам, гвалціў дзіця, а калі яна ўзняла шум, то ў яе самой гэтае дзіця адабралі... Жанчына піша, што ў Нарвегіі існуе традыцыя інцэсту, а «розным відам любові» дзяцей вучаць ужо з дзіцячага садочка. Чытаеш гэтыя публікацыі ў нібыта сур’ёзных газетах і думаеш: няўжо гэта так?

Расказаць, дзе ў падобных тэкстах праўда, а дзе — паклёп, мы і папрасілі Людмілу Ульяшыну.

Трэба размежаваць выпадак гэтай канкрэтнай сям’і і агульныя традыцыі выхавання, перакананая адвакатка Ульяшына.

Цяжка каментаваць тое, што здарылася ў нейкай канкрэтнай сям’і, сямейныя канфлікты заўжды самыя заблытаныя, кажа Людміла. Трэба разумець, што злачынцы ёсць у кожным грамадстве.
Яна таксама звяртае ўвагу, што ў «жанчын, якія эмігруюць у Еўропу, цалкам змяняецца кола камунікацыі. Таму бывае складана знайсці падтрымку, калі здараецца штосьці сапраўды страшнае. А калі ў маці ёсць падазрэнні і яна не можа данесці гэта да грамадства — узнікае ўнутраны пратэст», — адзначае Людміла.

Што тычыцца нейкіх «пэўных сэксуальных традыцый нарвежцаў», то «гэта проста хворая фантазія, бо ні адзін народ не мог бы падтрымаць такое, гэта прывяло б да выраджэння нацыі», — кажа яна. Так, у школах сапраўды шмат увагі надаецца сэксуальнаму выхаванню. Існуе дакумент пад назвай «Стандарты сэксуальнай адукацыі ў Еўропе». Там паказваецца, што павінны ведаць і разумець дзеці ды моладзь у розным узросце, з якіх сітуацый яны павінны ўмець знаходзіць выйсце і якія каштоўнасці ды погляды ім трэба развіваць.

Сэксуальная адукацыя абавязкова павінна адпавядаць узросту. Напрыклад, чатырохгадовае дзіця можа спытаць, адкуль з'яўляюцца дзеці, і адказу «з матулінага жывоціка» звычайна дастаткова.
Але ніколі нельга казаць дзіцяці, што ведаць пра гэта яму яшчэ рана.
Таксама Людміла дадае, што ў нарвежцаў, у прынцыпе, вельмі высокі ўзровень павагі да дзяцей. З імі не сюсюкаюцца, размаўляюць як з самастойнымі людзьмі. Лічыцца, што высокая ступень даверу да таго, што робіць дзіця, прывучае яго да самастойнасці.
Маці тут не ходзіць за дзіцём і не выцірае соплі — лічыцца, што маленькі чалавек многаму павінен даваць рады сам.
Акрамя таго, з самага дзяцінства тут выхоўваецца пачуццё салідарнасці. Напрыклад, на Каляды на галоўнай плошчы стаіць святочная ёлка, і штодзень да яе прыходзяць групы дзяцей.
Але не за падарункам, а наадварот — яны самі прыносяць пакункі і каробачкі, складаюць у мяшок. Падарункі пасля дасылаюць дзецям у Афрыку, Азію. Разумееце, дзяцей тут прывучаюць не чакаць падарунка для сябе, а думаць пра падарункі іншым людзям, якія ў патрэбе.

А як наконт абвінавачванняў, што нар­вежцы кепска кормяць дзяцей?

Так, традыцыі Скандынавіі розняцца ад беларускіх, у тым ліку і ў ежы.
Напрыклад, на абед тут у прынцыпе не ядуць гарачых страваў — ні дарослыя, ні дзеці.
«Не так даўно мы былі ў Вярхоўным судзе, трапілі на абедзенны перапынак, — распавядае Людміла. — Кожны дастаў прынесеныя з дому бутэрброды і чай, яны селі, паелі, а пасля зноў хутка вярнуліся да працы.
Сталовак у Нарвегіі вельмі няшмат, хіба толькі для студэнтаў. Затое вечарам, прыкладна а 17-й гадзіне, нарвежцы сядаюць вячэраць. Вячэру яшчэ называюць «сямейны суп». І ад гастрыту тут не пакутуюць. Хаця для нас, канечне, такія традыцыі нязвыклыя».

Калі браць выпадак дамы, якую так шчодра цытавалі афіцыйныя СМІ, то яна, магчыма, выскачыла зумуж за не зусім здаровага псіхічна чалавека. Такое здараецца і тут, і там. Мабыць, і сама яна вяла асацыяльны лад жыцця, раз органы апекі рашылі забраць у яе дзіця. Як і ў Беларусі, у Нарвегіі такое рашэнне прымаецца толькі ў крайніх выпадках, калі здароўю і развіццю дзіцяці з такімі бацькамі пагражае небяспека.

Хутчэй за ўсё, гэта адзін выпадак на мільён, а пэўныя арганізацыі (кшталту «Русских матерей») транслююць гэта як масавую з'яву. Напэўна, камусьці выгадна так дыскрэдытаваць краіны Еўропы.

Калі мы слухаем расказы пра тое, як добра ці як кепска там, дзе нас няма, трэба заўжды памятаць, што ўспрыманне залежыць ад уласнага вопыту чалавека. Добраму чалавеку ўсюды добра, а кепскі, пусты чалавек, абібок заўжды знойдзе прычэпку. Што датычыць Скандынавіі, то дай бог нам пабудаваць такое справядлівае і свабоднае грамадства.

Глядзі таксама: «Мне напляваць на іх сэксуальныя ўцехі, пакуль яны плацяць падаткі і не парушаюць ПДР»

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула