БЕЛ Ł РУС

У дзень затрымліваюць да 200 нецвярозых кіроўцаў

20.06.2013 / 13:50

БелаПАН

Супрацоўнікі ДАІ штодня затрымліваюць на дарогах Беларусі ад 130 да 200 нецвярозых кіроўцаў, паведаміў на сустрэчы з журналістамі 20 чэрвеня начальнік УДАІ ГУУС Мінгарвыканкама Дзмітрый Карзюк.

Паводле яго слоў, паўторна на працягу года за кіраванне ў нецвярозым стане затрымліваюцца каля 20% такіх вадзіцеляў. У асноўным у катэгорыю нецвярозых вадзіцеляў уваходзяць грамадзяне ад 21 да 42 гадоў.

Наркатычнае ап’яненне выяўляецца прыкладна ў 10% выпадкаў, сказаў кіраўнік сталічнай ДАІ.

Нагадаем, 19 чэрвеня палата прадстаўнікоў адразу ў двух чытаннях прыняла папраўкі ў некаторыя кодэксы Рэспублікі Беларусь па пытаннях узмацнення мер адказнасці за кіраванне транспартным сродкам у стане ап’янення. У прыватнасці, будзе магчымая канфіскацыя аўтамабіля, калі грамадзянін, затрыманы за кіраванне транспартным сродкам у стане ап’янення, на працягу года ўжо быў адміністрацыйна пакараны за аналагічныя злачынствы. Законапраект прадугледжвае павелічэнне штрафу за кіраванне транспартным сродкам асобай, якая знаходзілася ў стане ап’янення, перадачу кіравання транспартным сродкам такой асобе або адмову ад праходжання агляду да ста базавых велічынь. Таксама ўзмацняюцца меры крымінальнай адказнасці шляхам ўвядзення пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі.

На думку Карзюка, увядзенне нормы аб канфіскацыі аўтамабіляў прывядзе да зніжэння колькасці нецвярозых кіроўцаў на дарогах.

«70% вадзіцеляў — абсалютна нармальныя, узважаныя людзі. Я думаю, што, вывучыўшы заканадаўства, многія адмовяцца нават ад нязначнай долі алкаголю, якую яны маглі сабе дазволіць», — падкрэсліў ён.

Паводле слоў начальніка мінскай ДАІ, «грамадскасць у асноўным вітае гэта рашэнне».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула