БЕЛ Ł РУС

Еўрачыноўнікі патрабуюць прыбраць крыжы і німбы са славацкіх еўра

21.06.2013 / 0:13

У канцы мінулага года Еўрапейская камісія запатрабавала, каб Нацыянальны банк Славакіі прыбраў хрысціянскія крыжы і німбы з манетаў еўра, якія чаканіць Славакія.

Манеты былі зробленыя ў гонар 1150-й гадавіны прышэсця хрысціянства на славацкія землі. На іх — выявы знакамітых хрысціянізатараў Цэнтральнай Еўропы, візантыйскіх манахаў Кірылы і Мяфодзія, над галовамі якіх — німбы святых, а адзенне аднаго ўпрыгожанае крыжам.

Але славацкія манеты будуць мець хаджэнне па ўсёй Еўропе. А еўрапейскія правілы забараняюць дэманстрацыю на карысць пэўнага веравызнання.

Славацкі арцыбіскуп Зваленскі сказаў, што ў ЕС ёсць плынь, якая выступае за рэлігійны нейтралізм і не можа прыняць хрысціянскія каштоўнасці. Паводле святара, у Еўропе назіраецца хваля ваяўнічага секулярызму, ў той час як кантынент спрабуе выпрацаваць агульную ідэнтычнасць.

Паводле Зваленскага хрысціянства — адзін з нешматлікіх элементаў, які мог бы аб’яднаць з наступнага месяца ўжо 28 дзяржаваў, якія адрозніваюцца гісторыяй і ўзроўнямі эканамічнага развіцця. Аднак рэлігія робяцца новай лініяй расколу паміж больш секулярнай, свецкай Заходняй Еўропай і больш рэлігійнымі краінамі ўсходу кантынента, такімі як Польшча і Славакія.

Еўракамісія апынулася пад ціскам з двух бакоў — ад ваяўнічых атэістаў і ваяўнічых фундаменталістаў.

Еўропа прасякнутая хрысціянствам, прынамсі ўспамінамі пра яго. Храмы, хай нават зараз і пустыя — неад’емная частка еўрапейскага пейзажу, карані ўніверсітэтаў — у сярэднявечнай рэлігійнай навуцы, гімны многіх еўрапейскіх краінаў славяць Бога.

Нават першапачатковы сцяг ЕС — 12 зорак па коле на сінім фоне — меў хрысціянскае паходжанне: французскі мастак, які маляваў яго, натхняўся іканаграфіяй Дзевы Марыі ў кароне з 12 зоркамі.

Ідэя аб’яднання Еўропы бярэ пачатак з часоў кіравання Карла Вялікага, першага імператара Святой Рымскай імперыі.

Аднак Рымская дамова 1957 года, на якой грунтуецца цяперашні Еўрасаюз, не ўтрымлівае спасылак на Бога і хрысціянства.

Пярэчанні супраць планаў Славакіі чаканіць на манетах святых Кірыла і Мяфодзія з крыжамі і німбамі выказалі Францыя і Грэцыя. Францыя — з прычыны секулярызму, славацкія манеты будуць мець хаджэнне і ў Францыі, Грэцыя — таму, што бачыць у выявах візантыйскіх манахаў прэтэнзію на грэцкую гістарычную спадчыну.

Секулярызм інстытутаў ЕС выклікае крытыку з боку людзей глыбокай рэлігійнай веры і кансерватыўных поглядаў. «Ёсць падазрэнне, што ЕС кантралюе д’ябал» — кажа Рафаэль Рафай, лідар правай нацыяналістычнай партыі Славакіі. Некаторыя фундаменталісты мяркуюць, што знікненне межаў у Еўропе — прыкмета набліжэння Апакаліпсіса.

Аднак лідары ЕС усведамляюць свае карані. Цяперашні канцлер Германіі Ангела Меркель, дачка пастара, у адказ на занепакоенасць яе прыхільнікаў ростам колькасці мусульманаў у краіне сказала, што ў Германіі не зашмат ісламу, а замала хрысціянства.

Вера ў Еўропе сапраўды слабее. У Вялікабрытаніі, паводле леташняга апытання, у іншапланетнікаў верыць больш людзей, чым у Бога. Наогул у краінах ЕС верыць у Бога прыкладна кожны другі, у той час як у ЗША — 90%.

Спасылкі на хрысціянскую спадчыну не трапілі ў Лісабонскую дамову 1997 года аб рэформе і развіцці ЕС, замест гэтага там гаворыцца аб «культурнай, рэлігійнай і гуманістычнай спадчыне Еўропы».

Арцыбіскуп Браціславы мяркуе, што высілкі па стварэнні еўрапейскага адзінства скончацца марна, калі ў іх не будзе месца Богу.

Ён убачыў станоўчую прыкмету ў тым, што Нацыянальны банк Славакіі адмовіўся выканаць патрабаванне Еўракамісіі. І Брусэль саступіў: са спазненнем на 2 месяцы браціслаўскія еўра будуць адчаканеныя так, як гэтага хочуць у Браціславе — з німбамі і крыжамі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула