БЕЛ Ł РУС

Следчы камітэт распачаў беспрэцэдэнтную «справу прафесараў»

23.10.2013 / 9:19

Адразу тры прафесары БНТУ, аднаму з якіх ужо споўнілася 72 гады, сталі фігурантамі крымінальнай справы аб крадзяжы бюджэтных сродкаў.

У Беларусі і раней заводзілі крымінальныя справы на прафесараў універсітэтаў, але, як правіла, гэта было або за хабар пры паступленні або здачы экзаменаў, або за крадзеж сродкаў асобамі, якія займаюць важныя адміністрацыйныя пасады. Але так, каб фігурантамі справы сталі адразу тры паважаныя прафесары, прычым не якія займаюць і ніколі не займалі важных адміністрацыйных пасад, што даюць доступ да бюджэтных сродкаў, такога ў Беларусі яшчэ не было.

Паводле дадзеных Следчага камітэта Беларусі, тры прафесары кафедры «Машыны і тэхналогія ліцейнай вытворчасці» механіка- тэхналагічнага факультэта БНТУ са студзеня 2008 года па снежань 2010 года пры выкананні заданняў у межах Дзяржаўнай праграмы прыкладных навуковых даследаванняў «Металург», здзейснілі крадзеж 200 мільёнаў рублёў бюджэтных сродкаў. Следчы камітэт кваліфікаваў гэтыя дзеянні як здзяйсненне злачынства, прадугледжанага ч.4 арт.210 Крымінальнага кодэкса Беларусі (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, здзейснены арганізаванай групай альбо ў адмыслова буйным памеры).

Калі верыць следству, у сценах БНТУ ўтварылася злачынная група з трох прафесараў, мэтай якой быў крадзеж бюджэтных сродкаў. У гэтую злачынную групу ўвайшлі загадчык кафедры 67-гадовы прафесар Давыд Міхайлавіч Кукуй, 72-гадовы прафесар Уладзімір Фёдаравіч Собалеў і 55-гадовы прафесар Аляксандр Мікалаевіч Чычко.

І вось цяпер усім тром пагражае пакаранне да 12 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. У прафесараў ператрэслі кватэры, іх маёмасць апісана.

Самі прафесары пакуль адмаўляюцца ад каментароў. Яны напісалі лісты ў Адміністрацыю прэзідэнта і іншыя дзяржорганы, у якіх сцвярджаюць, што сталі ахвярамі непрыяцеляў. У чым жа сутнасць праблем?

У 2008 годзе ў зацверджанай Дзяржаўнай праграме прыкладных навуковых даследаванняў «Металургія» беларускія металургі абазначылі шэраг праблем, з якімі яны сутыкаюцца на вытворчасці. Гэтыя праблемы было прапанавана вырашыць беларускім вучоным з фінансавай падтрымкай з бюджэту краіны.

Кафедра «Машыны і тэхналогія ліцейнай вытворчасці» механіка- тэхналагічнага факультэта БНТУ вядучая ў сваім родзе, таму прафесарскі склад кафедры, азнаёміўшыся з тым, што трэба беларускім металургам, узяўся распрацаваць тры праграмныя комплексы для іх.

Галіновая камісія ў складзе больш за дзесяць чалавек разгледзела гэтыя заяўкі і ўхваліла іх. Пасля гэтага прафесара і атрымалі тое фінансаванне з бюджэту. Да сваёй прафесарскай зарплаты яны пачалі атрымліваць на трох яшчэ каля 2,5-3 мільёнаў рублёў у месяц. У 2010 годзе ўсе работы былі завершаны.

Кампетэнтная камісія зноў жа іх прыняла, не выказаўшы ніякіх істотных заўваг. Але ў 2011 годзе з'явілася заключэнне іншых спецыялістаў, што выкананая прафесарамі праца на самай справе не мае ніякай вартасці і што ў ёй выкарыстаны старыя, ужо аплачаныя раней напрацоўкі.

Якраз у 2011 годзе Аляксандр Лукашэнка і Камітэт дзяржаўнага кантролю паднялі пытанне аб ліпавых навуковых працах. Маўляў, дзяржава выдзяляе велізарныя сродкі на беларускую навуку, а яна выдае прадукт, які не мае практычнай каштоўнасці.

Лукашэнка загадаў спыніць разбазарванне дзяржаўных сродкаў, навесці парадак у асяроддзі навукоўцаў, а з тых, хто за бюджэтныя сродкі гнаў адкрытую халтуру, запатрабаваць вяртання сродкаў.

Ужо ў 2011 годзе КДК пачаў актыўна круціць прафесарскія распрацоўкі. Ствараецца спецыяльная камісія. Прафесары лічаць, што ў камісію ўвайшлі людзі, якія знаходзяцца з імі ў непрыязных адносінах.

Камісія дае заключэнне, што працы трох прафесараў сапраўды не ўяўляюць ніякай каштоўнасці і заснаваныя на іх ранейшых састарэлых распрацоўках.

У БНТУ паступае ўказанне пакрыць нанесеную дзяржаве шкоду. Рэктар патрабуе гэтыя грошы з прафесараў. Выконваючы ўказанне рэктара, прафесары практычна цалкам кампенсуюць так званую шкоду і трапляюць у юрыдычную пастку: раз пакрылі, значыць, прызналі факт.

У дачыненні да іх тут жа заводзяць крымінальную справу па ч.4 арт.210 Крымінальнага кодэкса Беларусі (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, здзейснены арганізаванай злачыннай групай). Вось такую рэдкую справу разглядае цяпер Следчы камітэт.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула