Жыццё ў малых гарадах: «Людзі, якія пераехалі са сталіцы, не разумеюць асаблівасцяў нашай сістэмы ацяплення»
У «Нашу Ніву» звярнуліся жыхары пасёлка Бешанковічы Аляксандра Звездзянкова і Уладзімір Рамановіч, не задаволеныя якасцю камунальных паслуг.
«Мы жывем у мястэчку Бешанковічы Віцебскай вобласці ў кватэры па вуліцы Урыцкага (цэнтральная вуліца). Рэч у тым, што ў Бешанковічах нерэгулярна падаюць гарачую ваду, а, дакладней, даюць яе ў дамы ў лепшым выпадку адзін раз на тыдзень», — пішуць яны.
«А ўвечары 13 лістапада без усякага папярэджання адключылі не толькі гарачую ваду, але яшчэ і ацяпленне. На вуліцы мінусавая тэмпература і ідзе снег, кватэра паступова астывае. У кацельню на вуліцы Урыцкага патэлефанавалі а 21:50. Дзяжурная, якая ўзяла слухаўку, на пытанні аб прычынах адсутнасці вады і ацяплення сказала, што яна прыняла змену а восьмай вечара, інфармацыі аб збоях або рамонце ў яе няма. Крыху пазней падышоў аператар кацельні і паведаміў, што калі ён прыйшоў на працу, функцыянаваў толькі адзін кацёл з двух, пра ўключэнне другога ніякіх указанняў не было.
На пытанне аб адсутнасці ацяплення, выказаў здагадку, што прычынай можа быць мокрыя трэскі (катлы паляцць шчэпай), якія ляжалі на вуліцы, і параіў звярнуцца на наступны дзень да кіраўніцтва Бешанковіцкага ЖКГ са скаргай.
На жаль, гэта не першы такі выпадак. Многія жыхары нашага пасёлка ўжо даўно прызвычаіліся да такога стаўлення, ніяк не рэагуюць, тых жа, хто ўсё ж такі ідзе са скаргай, прэтэнзіяй - кіраўніцтва ЖКГ альбо «корміць заўтракамі» альбо дае зразумець, што будзе толькі так і ніяк інакш. Наша сям'я пераехала ў Бешанковічы два гады таму і столькі ж ходзім і спрабуем дабіцца хоць нейкага адказу. Камунальныя плацяжы плацім у тэрмін, але часам даходзіць да такога, што нават дзіця немагчыма выкупаць», — журацца яны.
«Гарачая вада двойчы ў тыдзень — нармальна!»
Карэспандэнт «Нашай Нівы» звярнуўся да дырэктара прадпрыемства «Бешанковіцкі камунальнік» Ігара Спіўца. Як высветлілся, такая сітуацыя цалкам нармальная для Бешанковічаў.
«Людзі, якія пераехалі з вялікіх гарадоў, не разумеюць асаблівасцяў нашай сістэмы ацяплення. Напрыклад, у Мінску, цепланосьбіт для падагрэву вады і для падагрэву радыятараў падаецца па асобных сістэмах. У нас сістэма агульная, адна для ўсяго.
Таму ў летні перыяд кацельню, згодна з нарматывамі, паляць два разы ў тыдзень, і два разы на тыдзень у дамах ёсць гарачая вада. У ацяпляльны сезон гарачая вада ёсць пастаянна. Аднак у міжсезонны час, як цяпер, калі на вуліцы дастаткова цёпла, мы не можам грэць ваду, бо тады б неслі вялікія матэрыяльныя страты. Цяпер у нас працуе адзін кацёл, але сёння ўжо запусцім другі, каб заўтра вада была гарачая. Пра адключэнне на вуліцы Урыцкага нічога не ведаю. Ацяпленне маглі адключыць толькі ў выпадку аварыі, калі б неабходна было зліць ваду з сістэмы», — патлумачыў ён.
Дырэктар таксама заклікаў жыхароў карыстацца бешанковіцкай грамадскай лазняй з мужчынскім і жаночым аддзяленнем, дзе гарачая вада ёсць увесь час.
Батарэі пацяплелі
Сёння Аляксандра Звездзянкова паведаміла «НН», што «батарэі сталі нарэшце гарачымі, вада таксама пайшла прымальнай тэмпературы».
«Мужу ў адміністрацыі патлумачылі, што рашэнне аб уключэнні ацяплення і падагрэву вады прымае спецыяльная камісія з Віцебска, а да паступлення загадаў сістэма працуе ў рэжыме працеплівання», — расказала яна.