БЕЛ Ł РУС

Два вялікія піўныя рэстараны з уласнымі броварамі адкрыюцца ў Мінску

20.11.2013 / 9:12

У Беларусі расце колькасць рэстаранаў, якія прапануюць спажыўцам уласнае піва. У найбліжэйшы час на сталічным рынку рыхтуюцца заявіць пра сябе два праекты з міні-броварамі і ўласнымі піўнымі маркамі.

На пачатку 2014 мае быць адкрыты рэстаран-бровар «Сябры» ў парку Дружбы народаў на вуліцы Кульман.

Ва ўстанове, якая разлічана прыкладна на 1000 пасадачных месцаў, паставяць чэшскі міні-бровар.

Рэстаран знаходзіцца ў кіраванні вядомага дыстрыб’ютара імпартнага піва кампаніі «Піўны рад». У яе ўладальніка Андрэя Захарава ўжо ёсць некалькі рэстаранных праектаў у Мінску, сярод якіх «Цвік», Bierkeller, «Гамбрынус».

Што тычыцца другога праекта, то

ў раёне Нацыянальнай бібліятэкі на месцы зачыненага савецкага рэстарана «Арбат» цяпер завяршае работы па запуску рэстарана-бровара Дзмітрый Асташанка. Установа захавае былую назву.

Плануецца, што частка залаў стане даступнай для наведвальнікаў у канцы 2013 года, другая — у 2014 годзе.

Дзмітрый Асташанка — вядомы бізнэсовец, заснавальнік ЗАТ «Аварыйны сэрвіс для аўтааматараў», які выдае газету «Аўтабізнэс». Таксама яму належаць зніжкавы сэрвіс Slivki.by, кантрольны пакет ААТ «Пружанскі кансервавы завод» і аб'екты нерухомасці ў Мінску.

У Мінску на сёння ёсць не менш за пяць рэстаранаў, якія вырабляюць і прадаюць уласныя маркі піва. Найстарэйшы з іх — рэстаран-бровар «Ракаўскі бровар», адкрыты бізнэсмэнам Юрыем Чыжом у 1997 годзе. У цэнтры Мінска ён вырабляе некалькі гатункаў, сярод якіх «Грашовае» і «Старавіленскае».

З 2007 года на аўстрыйскім абсталяванні варыць піва «Градскае» рэстаран «Градскі паб», які належыць суўладальніку Гандлёвага дома «Ждановічы» Яўгену Шыгалаву. Па кантракце з гэтым міні-броварам тут часова сваё піва вараць і ўладальнікі рэстарана «Старамесны півавар», які адкрыўся ў пачатку 2013 года. Цяпер яны рыхтуюцца да запуску ўласнай вытворчасці, а ў планах адкрыццё сеткі піўных рэстаранаў пад назвай «Біржа».

У Мінску і Мінскім раёне таксама вырабляюць піва «Бівер» (бровар «Максэль» сям'і Бабровічаў), «Бірбанк» (клуб «Ямайка» Анатоля Байдачнага), «Новы Нясвіж» і «Гілдфард» (рэстаран-бровар «Новы Нясвіж»). Сваё піва прапануе рэстаран «Піпл'С», яно прадаецца і ў іншых установах Руслана Высоцкага і праз крамы разліўнога піва.

Міні-бровары працуюць у Брэсце, Магілёве, Віцебску.

«Вялікія» вытворцы піва ў Беларусі між тым губляюць рынак. Па выніках першага паўгоддзя 2013 вытворчасць піва скарацілася на 5% проці аналагічнага перыяду мінулага года, а продажы на ўнутраным рынку ўпалі на 7,4%.

Адной з галоўных прычын экспертамі называецца рост цэнаў на піва, а яны ў сваю чаргу абумоўлены павышэннем ставак акцызаў. Сёння яны вышэйшыя, чым у краінах-суседках.

Лідарамі ў вытворчасці па выніках I квартала стала ААТ «Крыніца» (яго доля — 31,5%), далей ішлі Heineken Belarus (24,5%), ААТ «Бровар «Аліварыя» (20,3 %), ААТ «Лідскае піва» (19%), ААТ «Брэсцкае піва» (3,8 %).

На астатнія кампаніі вытворцаў прыйшлося 0,9 % ад усяго аб'ёму вытворчасці.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула