Супрацоўніца ААТ «Банк Масква-Мінск» абакрала нябожчыка
Начальніца аднаго з ЦБП ААТ «Банк Масква-Мінск» падазраецца ў буйным крадзяжы сродкаў з рахунку памерлага кліента банка.
Аддзел следчага камітэта па Ленінскім раёне Мінска распачаў крымінальную справу ў дачыненні да начальніка аднаго з ЦБП ААТ «Банк Масква-Мінск» па падазрэнні ў здзяйсненні ёю злачынства па ч.3 ст.212 Крымінальнага кодэкса Беларусі (крадзеж шляхам выкарыстання камп'ютарнай тэхнікі, здзейснены ў буйным памеры). Санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае пакаранне да 10 гадоў пазбаўлення волі.
Згодна з папярэднімі дадзенымі следства, 47-гадовая жанчына, якая займала гэтую адказную пасаду, скарысталася тым, што адзін з кліентаў банка памёр 6 жніўня 2013 г, і выкрала сродкі спачылага, выкарыстоўваючы яго картку, якую той замовіў незадоўга да смерці.
Пры дапамозе карткі жанчына зняла з карт-рахунку кліента 9,9 тысячы даляраў, якія выкарыстоўвала для ўласных патрэб. Пры гэтым банкірку не спыніў маральны аспект яе ўчынку. Бо яшчэ са старажытных часоў абкрасці мерцвяка лічылася адным з самых ганебных дзеянняў.
Зрэшты, нягледзячы на буйную суму крадзяжу і на маральны аспект дзеяняў, супрацоўніца банка нават не была ўзятая пад варту. Следчы камітэт не палічыў неабходным абраць ў дачыненні да яе меру стрымання. Вядзецца расследаванне.