БЕЛ Ł РУС

Вакол будаўніцтва Парку высокіх тэхналогій разгарэўся буйны крымінальны скандал

4.12.2013 / 9:38

Следчы камітэт распачаў адразу некалькі крымінальных спраў, звязаных з рэалізацыяй інвестыцыйнага праекта па будаўніцтве аб'ектаў на тэрыторыі Парку высокіх тэхналогій.

У поле зроку следчага камітэта патрапіла адразу некалькі кампаній, даволі вядомых у ПВТ і так ці інакш далучаных да рэалізацыі інвестыцыйнага праекта па будаўніцтве інфраструктуры ПВТ. Гаворка ідзе не пра рэзідэнтаў ПВТ, а пра тых, хто іх абслугоўваў, у тым ліку і пра некаторыя лагістычныя кампаніі.

Як патлумачылі «Ежедневніку» ў СК, у якасці падазраванага ў справе фігуруе заснавальнік ПГУП «Комкабельінструмент», які займае ў кампаніі пасаду спецыяліста па знешнеэканамічнай дзейнасці. Ён быў арыштаваны Генеральнай пракуратурай яшчэ ў чэрвені, аднак абвінавачванне ў дачыненні да яго канкрэтызавалася толькі цяпер. Увесь гэты час праводзіліся шматлікія праверкі і чакаліся адказы на запыты, якія тычацца рэалізацыі інвестыцыйнага праекта, а таксама выплаты мытных пошлін у межах яго.Менавіта мытныя пошліны і сталі праблемным пытаннем.

Па дадзеных СК, падазраваны на падставе аказання кампаніі Ideab Project Etsti AS (Эстонія) садзейнічання ў мытным дэклараванні тавараў, якія ўвозіліся ёю на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, шляхам падману і злоўжывання даверам службовых асоб кампаніі з 4 чэрвеня па 30 жніўня 2012 года завалодаў грашовымі сродкамі, прадугледжанымі для выплаты мытных плацяжоў, на агульную суму больш за 3,9 мільярда рублёў. Усе гэтыя тавары ўвозіліся ў Беларусь для будаўніцтва аб'ектаў на тэрыторыі Парку высокіх тэхналогій у Мінску, якое вядзецца ў адпаведнасці з дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмай. Іншымі словамі, бізнэсмен проста «кінуў» буйнога эстонскага інвестара, прыцягнутага для рэалізацыі інвестыцыйнага праекта па будаўніцтве інфраструктуры ПВТ, паклаў грошы, якія прызначаліся для растаможкі тавараў, у сваю кішэнь.

Таксама следствам устаноўлена, што падазраваны, жадаючы атрымаць маёмасную выгаду, ухіліўся ад выплаты мытных плацяжоў тавараў, увезеных на тэрыторыю Беларусі на адрас ПГУП «Комкабельінструмент» і ПТСУП «БелЛесМашСервіс». Па дадзеных следства, зроблена гэта было праз размяшчэнне тавараў у зоне мытнага кантролю склада часовага захоўвання, які належыць ТАА «Белсотра». Падазраваны падмануў службовых асоб склада, прад'явіўшы ім падробленыя дакументы аб праведзенай растаможцы тавараў. У адпаведнасці з гэтым дакументамі тавары былі выдадзеныя са склада і вывезены з тэрыторыі зоны мытнага кантролю без дазволу мытнага органа. Усе гэтыя тавары былі незаконна ўцягнутыя ў эканамічны абарот на тэрыторыі Беларусі, чым і была нанесеная шкода ТАА «Белсотра» у памеры больш за 5 мільярдаў рублёў.

Аналагічным чынам падазраваны з 30 красавіка 2011 па 13 жніўня 2012 «растаможыў» яшчэ адну партыю тавараў, ухіліўшыся ад выплаты мытных плацяжоў на суму звыш 300 мільёнаў рублёў.

На дадзены момант заснавальніку ПГУП «Комкабельінструмент» прад'яўленае абвінавачванне ў здзяйсненні злачынстваў па трох артыкулах, прадугледжаных крымінальным кодэксам Беларусі: ч. 4 арт.209 (махлярства, здзейсненае арганізаванай групай альбо ў асабліва буйным памеры), ч. 2, ст.216 ( прычыненне маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу, здзейсненае групай асоб па папярэдняй змове або ў буйным памеры), ч.1 ст.231 (ухіленне ад выплаты мытных плацяжоў у буйным памеры).

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула