Пол Маккартні і Рынга Стар зноў разам
Праз пяць гадоў экс-бітлы разам выступяць на цырымоніі «Грэмі»
Былыя ўдзельнікі The Beatles выступяць на цырымоніі ўручэння прэміі «Грэмі». Аб гэтым паведамляецца на афіцыйным сайце прэміі. Сама цырымонія пройдзе 26 студзеня ў Лос-Анджэлесе.
Пол Маккартні і Рынга Стар апошні раз выступалі разам у 2009 годзе на дабрачынным канцэрце. У 2002 годзе яны разам прынялі ўдзел у канцэрце памяці іншага ўдзельніка The Beatles Джорджа Харысана, які памёр ад раку годам раней.
У гэтым годзе 16-разовы ўладальнік «Грэмі» Пол Маккартні прысутнічае ў дзвюх намінацыях — «найлепшы музычны фільм» за фільм-канцэрт «Live Kisses», дзе Маккартні выконвае песні з альбома «Kisses on the Bottom», а таксама «найлепшая рок-песня» з кампазіцыяй «Cut Me Some Slack», запісанай разам з былымі ўдзельнікамі Nirvana.