БЕЛ Ł РУС

У Віцебску прапаў вучань 6-га класа, яго шукаюць трэція суткі

21.01.2014 / 12:9

+ фота і прыкметы

Жыхара пасёлка Кастрычніцкі Уладзіслава Бразгунова шукаюць ужо трэція суткі. Хлопчык пайшоў з дому 18 студзеня каля 16.00, распавёў намеснік начальніка аддзела ўнутраных спраў Віцебскага райвыканкама Андрэй Абушкевіч.

«Падлетка выхоўвае бабуля, якая папрасіла ўнука атрымаць на пошце пасылку. Аддала яму свой пашпарт і банкаўскую картку для аплаты паштовых паслуг. Дзіця дадому не вярнулася. На пошце растлумачылі, што пасылку ён атрымаў», — сказаў Андрэй Абушкевіч.

uvd.vitebsk.gov.by

Хлопчык характарызуецца ў школе станоўча, у яго не было ніякіх канфліктаў, дома таксама былі створаны нармальныя ўмовы для жыцця і выхавання. З бабуляй Уладзіслаў не сварыўся.

У пошуках супрацоўнікам міліцыі актыўную дапамогу аказвае калектыў школы, а таксама адміністрацыя сельскагаспадарчага прадпрыемства «Ліпаўцы».

«У пасёлку праведзена абследаванне ўсіх паддахавых і падвальных памяшканняў. Вядзецца адпрацоўка суседніх дачных пасёлкаў», - удакладніў намеснік начальніка аддзела.

Прыкметы: знікламу хлопчыку на выгляд 12—14 гадоў, рост 130 см, хударлявага целаскладу, валасы кароткія цёмна-русыя, вочы карыя. Быў апрануты ў куртку-пухавік чорнага колеру, джынсы сіняга колеру, зімовыя боты чорнага колеру, вязаную шапачку сіняга колеру.

Асаблівыя прыкметы: на спіне маецца родная пляма дыяметрам 5 см у выглядзе апёку.

Міліцыя просіць усіх, каму нешта вядома пра месцазнаходжанне хлопчыка, паведаміць інфармацыю па тэлефонах 102, (80212) 48-78-51 або (80212) 58-79-27.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула