У Бангкоку ўвялі надзвычайнае становішча
Урад Тайланда ўвёў рэжым надзвычайнага становішча ў краіне. Рэжым распаўсюджваецца на Бангкок і прылеглыя да сталіцы правінцыі, уведзены на 60 дзён, пачынаючы з серады, 22 студзеня.
Рэжым надзвычайнага становішча дае ўладам права абвяшчаць каменданцкую гадзіну, затрымліваць людзей без прад'яўлення абвінавачвання, уводзіць цэнзуру ў СМІ, забараняць палітычныя сходы і перакрываць доступ у праблемныя раёны.
Як растлумачыў віцэ-прэм'ер урада Тайланда, рэжым надзвычайнага становішча ўводзіцца «для абароны людзей», што ўжо некалькі месяцаў мітынгуюць супраць цяперашняга кіраўніцтва краіны. Такое рашэнне было прынята пасля шэрагу нападаў на дэманстрантаў і лідараў пратэстаў. Знайсці нападнікаў не ўдалося, апазіцыя падазрае ў іх арганізацыі ўлады краіны.
Масавыя антыўрадавыя выступы пачаліся ў Бангкоку ў лістападзе 2013 пасля публікацыі праекта амністыі, якая прадугледжвае магчымасць вяртання ў краіну былога кіраўніка кабінета міністраў Таксіна Чынавата.
Закон быў падрыхтаваны цяперашнім прэм'ерам Йінглак Чынават — сястрой былога прэм'ера.
Пасля пачатку пратэстаў дэманстранты захапілі шэраг урадавых і адміністрацыйных будынкаў, запатрабаваўшы адстаўкі ўрада.