Назарбаеў: Далейшага паніжэння курсу тэнге не будзе
Прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў запэўніў, што далейшага паніжэння курсу тэнге не будзе.
«Далейшага зніжэння курсу тэнге не будзе, хвалявацца не трэба. Дэвальвацыя забяспечыць рост эканомікі не менш, чым на 6 працэнтаў у 2014 годзе», — заявіў Назарбаеў на пашыраным пасяджэнні ўрада ў пятніцу, перадае агенцтва «Навіны-Казахстан».
Кіраўнік дзяржавы заклікаў насельніцтва не панікаваць і не скупляць прадукты харчавання ў вялікіх колькасцях.
«Не трэба мяхамі муку скупляць, асноўныя прадукты харчавання, што нам неабходныя, у нас ёсць у дастатку на некалькі гадоў. Не трэба хвалявацца», — сказаў ён.
Ураду прэзідэнт даручыў не дапусціць спекуляцый на рынку харчавання. «Трэба строга сачыць, каб цяпер спекуляцый не было ў гандлёвых кропках, каб не спрабавалі зарабіць на народзе», — адзначыў Назарбаеў.