Мінск і Масква аб'ядноўваюць намаганні па экспарце электраэнергіі ў Літву
Урад Беларусі ўхваліў праект пратакола да расійска-беларускай міжураддамовы аб умовах продажу акцый «Белтрансгаза» «Газпраму» і методыцы экспарту за межы Мытнага саюза электраэнергіі, выпрацаванай у Беларусі з расійскага газу.
Інфармацыю пацвердзіла «Коммерсанту» крыніца, знаёмая з сітуацыяй. Згодна з праектам, да 2015 года экспарт электраэнергіі з Беларусі, выпрацаванай на яе ТЭС на расійскім газе, будзе рабіцца сумесна ДВА «Белэнерга» і расійскай «Інтэр РАО». Цана фармуецца ў адпаведнасці з заканадаўствам і ўнутранымі актамі Мінэнерга Беларусі і «Белэнерга» і цэнамі на газ, які пастаўляецца «Белэнерга».
У «Інтэр РАО» патлумачылі, што пагадненне закліканае дыверсіфікаваць экспартныя пастаўкі электраэнергіі і хэджыраваць рызыкі па розных напрамках. Дакумент павінен забяспечыць гарантаваную загрузку расійскай экспартнай генерацыі і пастаўкі Inter RAO Lietuva (даччыная трэйдынгавая кампанія «Інтэр РАО» ў Літве).
Літва з'яўляецца адным з ключавых рынкаў для «Інтэр РАО», на яе прыпадае каля 20% экспарту электраэнергіі. У 2013 годзе аб'ём экспарту ў Літву, паводле дадзеных холдынгу, упаў на 25%, да 357 млрд кВт/г, выручка ад паставак скарацілася на 10%, да 6,6 млрд расійскіх рублёў. Як патлумачыла «Коммерсанту» крыніца, знаёмая з сітуацыяй, пагадненне прадугледжвае, што электраэнергія, выпрацаваная на газавых ТЭС «Белэнерга», будзе пастаўляцца ў Літву па ўзгадненні з «Інтэр РАО» і толькі праз Inter RAO Lietuva. Да канца 2015 года ў Inter RAO Lietuva кантракт на імпарт з Калінінградскай вобласці, і гэтая энергія будзе закупляцца ў прыярытэтным парадку, кажа суразмоўца «Коммерсанта». Затым кампанія будзе вызначацца з энергаімпартам па кароткатэрміновых кантрактах зыходзячы з эканамічнай мэтазгоднасці.
Беларусь — традыцыйны імпарцёр электраэнергіі.
Паводле звестак Белстата, у 2013 годзе агульны аб'ём імпарту склаў 6,7 млрд кВт/г па сярэдняй цане 0,06 даляра за 1 кВт/г, з краін СНД ( Расія і Украіна ) імпартавана 6,6 млрд кВт/г. У 2012 годзе літоўскі імпарт з Беларусі склаў толькі 298 млн кВт/г.
З 2012 года (пасля поўнага пераходу «Белтрансгаза» ва ўласнасць «Газпрама») Беларусь атрымлівае расійскі газ па цане, блізкай да ўнутрырасійскай, што дазваляе зніжаць сабекошт энергіі, выпрацаванай на ТЭС.
У 2013 годзе Мінск браў расійскі газ па цане 165,6 даляра за 1 тыс. кубаметраў у пачатку года і 163 даляры — у канцы. У 2014 годзе цана складзе $175 за 1 тыс. кубаметраў. Па разліках «Коммерсанта» на аснове справаздачнасці «Газпрама», сярэдняя цана паставак газу ў Літву ў 2013 годзе складала каля 455 даляраў за 1 тыс. кубаметраў. Расіі і Беларусі, выступаючы адзіным фронтам, неабходна выключыць магчымасць цэнавага арбітражу паміж электраэнергіяй, якая пастаўляецца ў Літву з Беларусі, і расійскім газам, лічыць Міхаіл Растрыгін з «ВТБ Капіталу». Паводле яго словаў, калі беларускія экспартныя цэны застаюцца нізкімі, Літве выгадна мінімізаваць закупкі ў «Газпрама», і наадварот. Выраўноўваючы адносны ўзровень цэнаў газу і электраэнергіі, урад Расіі і «Газпрам» спрабуюць выбудаваць збалансаваную трэйдынгавую палітыку на літоўскім рынку, мяркуе аналітык. Але крыніца «Коммерсанта» сцвярджае, што пагадненне паміж «Белэнерга» і «Інтэр РАО» заключалася без непасрэдных кансультацый з «Газпрамам».