У Літве расце колькасць жадаючых стаць добраахвотнікамі для абароны краю
Кіраўніцтва добраахвотных сіл аховы краю Літвы сцвярджае, што расійская агрэсія павысіла цікавасць да добраахвотнай службы аховы краю.
«Мы адзначаем, што зацікаўленасць добраахвотнай службай расце. Маладыя людзі тэлефануюць, цікавяцца, запісваюцца нашмат больш актыўна. Таксама адчуваецца ажыўленне і сярод вайскоўцаў запасу, яны пытаюцца, куды трэба прыбыць у выпадку мабілізацыі», — сказаў афіцэр, старшы лейтэнант Томас Пакальнішкіс. Паводле яго слоў, відавочна, што такога буму зацікаўленых ўжо даўно не было.
Прадстаўнікі Добраахвотнага сіл пацвердзілі, што гэта наўпрост звязана з растучай агрэсіяй Расіі, а таксама правакацыямі ў дачыненні да Літвы і іншых краін Балтыі, піша Lietuvos žinios.
Пакальнішкіс удакладніў, што цікавасць да гэтай службы яшчэ не значыць, што шэрагі добраахвотнікаў папаўняюцца. «Цяпер прыкладна 4300 добраахвотнікаў, але тэарэтычна іх можа быць 5000, такая мяжа. Назіраючы за цікавасцю людзей, можна выказаць здагадку, што праз месяц ці два шэрагі добраахвотнікаў могуць значна папоўніцца», — сказаў ён.
Добраахвотнікам аховы краю можа стаць любы грамадзянін Літвы ва ўзросце ад 18 да 50 гадоў. Гэты чалавек не павінен быць судзімы, павінен адпавядаць патрабаванням па стане здароўя.