З віцебскага вакзала эвакуявалі 200 чалавек
Увечары 27 сакавіка ў дзяжурную частку УУС Віцебскага аблвыканкама паступіў ананімны званок пра мініраванне адміністрацыйнага будынка чыгуначнага вакзала станцыі Віцебск.
Пра гэта паведаміў начальнік аддзялення інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Віцебскага аблвыканкама Андрэй Семяніхін.
У найкарацейшы час з вакзала эвакуявалі каля 220 пасажыраў і прадстаўнікоў абслуговага персаналу. Сапёрна-піратэхнічная група в/ч 5524 ВВ МУС з выкарыстаннем службова-вышуковага сабакі і тэхнічных сродкаў правяла дбайнае абследаванне будынка вакзала і прылеглай тэрыторыі. Выбуховых прылад і выбухованебяспечных прадметаў не выяўлена. Затрымкі ў руху цягнікоў не было.
Ужо праз 15 хвілін пасля паступлення паведамлення супрацоўнікі праваахоўных органаў затрымалі падазраванага — жыхара Віцебска 1983 года нараджэння. Ён знаходзіўся па месцы жыхарства ў стане моцнага алкагольнага ап'янення.
Як паведаміла афіцыйны прадстаўнік упраўлення СК па Віцебскай вобласці Іна Гарбачова, па гэтым факце заведзеная крымінальная справа па арт.340 (заведама ілжывае паведамленне аб небяспецы) КК Беларусі. Санкцыя артыкула прадугледжвае пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўлення волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў. Акрамя таго, падазраванаму трэба будзе пакрыць шкоду, звязаную з неапраўданымі выдаткамі дзяржаўных органаў.