Омскі сыр, у якім купаліся работнікі, здымаецца з продажу
Расспажыўнагляд вырашыў прыпыніць абарот прадукцыі завода «Сыры» ў Омску, пасля таго як яго супрацоўнікі выклалі ў сацсеткі фатаграфіі, дзе яны купаюцца ў ванне з малаком. Прадукцыя завода здымаецца з продажу ў некалькіх рэгіёнах Расіі.
У канцы сакавіка ў інтэрнэце з'явіліся фатаграфіі, на якіх бачна, як некалькі супрацоўнікаў заводу купаюцца ў малацэ, адзначаючы дзень нараджэння аднаго з іх.
Неўзабаве пасля гэтага Расспажыўнагляд заявіў аб грубых парушэннях санітарнага заканадаўства на заводзе. Ведамства таксама звярнулася ў рэгіянальны Следчы камітэт з просьбай завесці ў дачыненні да работнікаў завода крымінальныя справы.
Пра намер правесці праверку дзеянняў службовых асобаў прадпрыемства заявіла і Генпракуратура.
Між тым, уладальнік прадпрыемства Аркадзь Плецюк у чацвер заявіў, што работнікі на відэа купаюцца не ў малацэ, а ў тэхналагічнай вадкасці, якая засталася пасля мыцця ванны для прадукцыі.