Макей сустрэнецца ў Маскве з Сяргеем Лаўровым
У ходзе візіту 4 красавіка кіраўніка МЗС Беларусі Уладзіміра Макея ў Маскву запланавана яго двухбаковая сустрэча з міністрам замежных спраў Расіі Сяргеем Лаўровым.
Аб гэтым паведаміў прэс-сакратар беларускага знешнепалітычнага ведамства Дзмітрый Мірончык 3 красавіка на брыфінгу ў Мінску.
Паводле яго слоў, у ходзе сустрэчы будуць абмеркаваныя «актуальныя пытанні знешнепалітычнага ўзаемадзеяння дзвюх краін».
На ўдакладняючае пытанне, ці плануюць міністры абмяркоўваць украінскае пытанне і магчымы ўдзел Беларусі ў якасці пасрэдніка ў расійска-ўкраінскім канфлікце, Мірончык сказаў: «Сустрэча з'яўляецца запланаванай, ёсць адпаведны парадак дня, які будзе разглядацца. Адзінае незапланаванае пытанне гэта пытанне аб тым, хто будзе старшынёй СНД да канца 2014 года».
Нагадаем, 4 красавіка ў Маскве пройдзе пасяджэнне Савета міністраў замежных спраў краін СНД.