СБУ: Аперацыяй масавых забойстваў людзей на Майдане кіраваў Януковіч
Так званая антытэрарыстычная аперацыя па загадзе экс-кіраўніка СБУ Аляксандра Якіменкі была прыкрыццём для масавых забойстваў пратэстоўцаў. Пра гэта заявіў кіраўнік СБУ Валянцін Налівайчанка.
Валянцін Налівайчанка, Reuters.com
Кіраўнік СБУ адзначыў, што ў злачыннай змове з былым міністрам унутраных спраў Віталём Захарчанкам былі аддадзены загады ўжываць зброю. Налівайчанка канкрэтызаваў 18 лютага ў 23.00 быў аддадзены злачынны загад, пасля якога 198 супрацоўнікаў «Альфы» пачалі дзейнічаць з даху Дома прафсаюзаў. Штурмавую групу спыніў пажар у доме.
Кіраўнік СБУ адзначыў, што штурмавікі былі ўзброеныя снайперскімі вінтоўкамі і АК.
Акрамя таго, па словах Налівайчанкі, снайперскія групы па сем афіцэраў дзейнічалі паблізу Адміністрацыі прэзідэнта 18 і 20 лютага.
«Цяпер былое кіраўніцтва «Альфы» дапытваецца і супрацоўнічае са следствам. Усе, хто выконваў злачынны загад, дапытваюцца следствам», — заявіў Налівайчанка.
Таксама кіраўнік СБУ заявіў: спланаванае ў выглядзе антытэрарыстычнай аперацыі прыкрыццё масавых забойстваў людзей праходзіла пад кіраўніцтвам экс-прэзідэнта Віктара Януковіча.