НАТА гатовы разгарнуць свае войскі ва Усходняй Еўропе
Узброеная прысутнасць Расіі на мяжы з Украінай не слабее, заяўляюць у НАТА.
У адказ на расійскую ваенную пагрозу ў дачыненні да Украіны НАТА можа разгарнуць амерыканскія войскі на тэрыторыі краін Усходняй Еўропы, якія ўваходзяць у альянс.
Пра гэта заявіў галоўнакамандуючы Аб'яднанымі ўзброенымі сіламі НАТА ў Еўропе генерал ВПС ЗША Філіп Брыдлаў у інтэрв'ю Associated Press.
Са словаў генерала, усходнееўрапейскія члены НАТА таксама адчуваюць сябе пад пагрозай, і ён «не можа выключыць удзелу (у разгортванні войскаў) ні адной арміі, у тым ліку Злучаных Штатаў».
«Мы разглядаем комплекс наземных, паветраных і марскіх мер, якія нададуць упэўненасці нашым усходнім саюзнікам, — заявіў Брыдлаў. — Мне даручана распрацаваць яго да наступнага тыдня, і я маю намер выканаць гэтае даручэнне ў самыя кароткія тэрміны».
Выступаючы на канферэнцыі НАТА ў Парыжы, Брыдлаў сказаў, што ўзброеная прысутнасць Расіі на мяжы з Украінай не слабее. «Паводле нашых ацэнак, колькасць (войскаў РФ у рэгіёне) складае каля 40 тыс. чалавек. Іншымі словамі, гэта армія, у якой ёсць рэзервы і ўсё, што патрабуецца для выканання ваенных задач, калі такія будуць пастаўлены», — падкрэсліў Брыдлаў.
Па сцвярджэнні генерала, расійская армія на ўкраінскай мяжы ўкамплектавана самалётамі і верталётамі, артылерыяй, палявымі шпіталямі, сродкамі сувязі і сістэмамі радыёэлектроннай барацьбы.
Галоўнакамандуючы Аб'яднанымі ўзброенымі сіламі НАТА ў Еўропе лічыць, што мэты Расіі «застаюцца няяснымі». Паводле яго слоў, расійскія ўзброеныя сілы могуць заставацца на мяжы, каб сваёй прысутнасцю запалохваць Украіну, накіравацца на поўдзень для ўстанаўлення сухапутнага злучэння з Крымам, здзейсніць кідок у напрамку Адэсы і Прыднястроўскай Малдаўскай Рэспублікі па Чарнаморскім узбярэжжы ці ж уварвацца ва ўсходнія вобласці Украіны, дзе рускае насельніцтва выступае з патрабаваннем ўз'яднання з Расіяй. У любым выпадку расійскія войскі знаходзяцца ў баявой гатоўнасці і могуць прыступіць да выканання пастаўленай задачы на працягу 12 гадзін, падкрэсліў Брыдлаў.
ЗША і шэраг іншых краін Захаду абвінавачваюць Маскву ў засяроджванні войскаў на мяжы з Украінай з мэтай ціску на Кіеў і, магчыма, узброенага ўмяшання ў сітуацыю ва Украіне. Міністры замежных спраў дзяржаў-сяброў НАТА запатрабавалі ад галоўнакамандуючага прапанаваць меры, якія дазволілі б краінам альянсу, якія мяжуюць з Расеяй, пераканацца ў падтрымцы саюзнікаў.