Шахцёры Данбаса: Ніхто з нашых у гэтым сепаратысцкім вэрхале не ўдзельнічае
Шахцёры Данбаса не падтрымліваюць сепаратыстаў.
Пра гэта заявіў Мікалай Валынка, старшыня прафсаюза гарнякоў Данбаса, у эфіры тэлекампаніі «Дождж».
Паводле яго словаў, «усе шахцёры працуюць у шахтах, ніхто на мітынгі не ходзіць. Шахцёры працуюць, проста працуюць, ніхто ў гэтым вэрхале не ўдзельнічае і не падтрымлівае сепаратыстаў. Тры прафсаюзы вугальнай прамысловасці прынялі ідэнтычнае рашэнне, што шахты павінныя працаваць і захоўваць спакой. Улады самі разбяруцца. А з нагоды сепаратыстаў кажу адкрыта… Усё праходзіць пры поўным патуранні мясцовых уладаў, нам гэты бардак непатрэбны».
Валынка таксама расказаў, што іх прафсаюз аб'ядноўвае 12 000 чалавек і ў іх ёсць аддзяленні ў Луганску і Данецку. Усе шахты належаць Ахметаву, іншых тут няма. «Найбліжэйшая шахта будзе ў Варкуце, калі сепаратысты перамогуць», — заявіў старшыня прафсаюза гарнякоў Данбаса.
Таксама ён адзначыў, што на мітынгах іх шахцёраў няма, затое «заўважаныя расійскія турысты і людзі з Горлаўкі і Чырвонаармейска».
Пра тое, што мітынгі на ўсходзе Украіны і акцыі па захопе будынкаў былі спланаваныя звонку, заявіла і Вікторыя Нуланд, а раней казаў дзяржсакратар ЗША Джон Кэры.