Старшыня камітэта па адукацыі Думы: Рускія — арыйскае племя
Вячаслаў Ніканаў назваў жыхароў Расіі «галінай арыйскага племені» і заявіў пра іх асаблівую місію. Гэтую заяву ён зрабіў 8 красавіка з нагоды праведзенега ў Думе «круглага стала» на тэму зместу падручнікаў гісторыі.
У абмеркаванні пад назвай «Расейская гістарычная традыцыя: змест падручнікаў гісторыі» ўзялі ўдзел дэпутаты Думы і члены Рады Федэрацыі, расійскія гісторыкі «правільнага кірунку», прадстаўнікі федэральных міністэрстваў і ведамстваў, суб'ектаў федэрацыі, рэктары ВНУ і дырэктары школ, духавенства, грамадскія дзеячы.
Па словах старшыні думскага камітэта па адукацыі Ніканава, тэма дыскусіі важная не толькі для сістэмы адукацыі, але і для ўсяго расійскага грамадства.
«Ад таго, што будзе напісана ў падручніках, залежыць стаўленне цэлага пакалення моладзі да гісторыі сваёй краіны. У нашай Айчыны вялікае мінулае. Галіна арыйскага племені спусцілася з Карпацкіх гор, мірна засяліла Вялікую Расійскую раўніну, Сібір, найхаладнейшую частку планеты, дайшла да Ціхага акіяна, заснавала Форт-Рос, увабрала ў сябе сокі найбагацейшых культур Візантыі, Еўропы, Азіі, разграміла найстрашнейшага ворага чалавецтва — нацызм, праклала дарогу ў космас», — сказаў Ніканаў.
На арыйскія і неарыйскія народы дзялілі нямецкія нацысты.
Вячаслаў Ніканаў — палітолаг. Ён унук сталінскага наркама Вячаслава Молатава, аўтара пакта Молатава-Рыбентропа.