Лукашэнка: Я таксама не вялікі спецыяліст у самагонцы, віскі, каньяку
Сёння на нарадзе аб стане і перспектывах развіцця піваварнай галіны Беларусі Лукашэнка таксама выказаў меркаванне, што ў пытанні якасці няма прамой ўзаемасувязі з мадэрнізацыяй і выкарыстаннем высокатэхналагічнага абсталявання.
«Часам на звычайных самагонных апаратах робяць такое пітво, што побач не стаялі ніякая гарэлка ці піва. Гэта не мая выснова. Я таксама не вялікі спецыяліст у самагонцы, віскі, каньяку і іншым. Але так кажуць людзі. Яны наадварот трымаюцца за гэты стары кацялок», — адзначыў Лукашэнка.
Ён у сувязі з гэтым расказаў, што нядаўна глядзеў тэлеперадачу пра падарожжа аднаго з журналістаў па Нямеччыне, дзе ў тым ліку распавядалася пра вытворчасць нямецкага шнапсу па традыцыйнай тэхналогіі.
«Паказваюць гэты апарат — ён такі старажытны. А журналісты п'юць і аблізваюцца — шнапс самы лепшы. Дык чаму гэты чалавек, які вырабляе шнапс, не мяняе абсталяванне на суперсучаснае?» — сказаў Лукашэнка.
«Я не кажу, што мадэрнізацыя не патрэбна, але не трэба, пабываўшы на Захадзе, убачыўшы нешта бліскучае, туды бегчы. Але мы пабеглі», — заўважыў ён.