БЕЛ Ł РУС

Генадзь Бураўкін. Я не ганю землі чужыя…

30.05.2014 / 9:53

Nashaniva.com

«Я не ганю землі чужыя…»

Я не ганю землі чужыя, -
Хай іх сонца не абміне.
Толькі дзе б за морам ні жыў я,

Беларусь мая снілася мне.

Так карцела - сляза закіпала, -
Каб да сэрца хаця б здалёк
Прыплывалі жалейка Купалы,
Багдановічаў васілёк…

Гэта ўсё, безумоўна, не нова.
А ці трэба, каб новым было
Поле бацькава, матчына мова
І над хатай буслова жытло?

Хіба душы свае не лечым
Ад бяздомных бядот і згрызот
Самым простым і самым вечным,
Што пранёс праз вякі народ?

І якія б шляхі ні схадзіў я,
Кліча полацкая сенажаць…
А калі не спяваць аб Радзіме,
Дык навошта наогул спяваць?

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула