Пад Мінскам жорстка забілі 41-гадовую жанчыну
29-гадовы мужчына напаў на жанчыну ля крамы ў Бараўлянах і некалькі разоў ударыў яе нажом. Пацярпелая праз гадзіну памерла ў рэанімацыі.
Злачынства на вачах у шматлікіх сведак адбылося 28 мая каля 16.00 у аграгарадку Лясны Мінскага раёна. 41-гадовая жанчына, медсястра «Мінскай абласной клінічнай бальніцы», вярталася з працы дадому, калі каля ўніверсама на вачах у шматлікіх сведак і відавочцаў на яе напаў малады чалавек.
«29-гадовы жыхар Лагойскага раёна нанёс жанчыне шматлікія колата-рэзаныя раненні (па дадзеных экспертаў, не менш за 11 ран рознага характару), з якімі пацярпелая была дастаўлена ў бальніцу, дзе праз гадзіну памерла», — распавяла афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Мінскай вобласці Таццяна Беланог.
Падазраваны быў затрыманы на месцы злачынства. «У бліжэйшы час затрыманаму будзе прад'яўленае абвінавачванне па п.6 ч.2 арт.139 КК РБ (забойства, учыненае з асаблівай жорсткасцю ) і ўжытая мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту «, паведамілі ў УСК.
Санкцыі па гэтым артыкуле прадугледжваюць пазбаўленне волі ад 8 да 25 гадоў, пажыццёвае зняволенне або смяротнае пакаранне.