«Газпром» перанёс для Украіны тэрміны аплаты за газ
Тэрмін увядзення рэжыму перадаплаты за газ, які пастаўляецца Расіяй ва Украіну, перанесены на панядзелак, 16 чэрвеня.
Пра гэта паведаміў кіраўнік «Газпрома» Аляксей Мілер пасля сустрэчы прадстаўнікоў Расіі і Еўрасаюза ў ноч на сераду.
«Расійскі бок зрабіў крок насустрач для таго, каб працягнуць перамовы, якія ў апошнія дні вяліся вельмі інтэнсіўна», — сказаў ён.
Кіраўнік «Газпрома» таксама адзначыў, што расійскі бок разлічвае на паспяховае правядзенне двухбаковых і трохбаковых перамоваў, прызначаных на 11 чэрвеня ў Брусэлі.
Трохбаковыя перамовы Расія — Украіна — ЕС па газе былі адкладзеныя на сераду ў сувязі з познім прыбыццём расійскай дэлегацыі.
Тэрмін пагашэння «Нафтагазам Украіны» часткі доўгу за пастаўкі расійскага газу скончыўся 10 чэрвеня.
Прэс-сакратар еўракамісара па энергетыцы Сабіна Бергер заявіла раней, што Еўракамісія не чакае перабояў з пастаўкамі газу ва Украіну, пакуль ідуць трохбаковыя кансультацыі.